Парафія сьвятога Язэпа > Навіны > Паклікання да таго, каб клікаць да Хрыста іншых

Паклікання да таго, каб клікаць да Хрыста іншых


13.11.2013.
Паклікання да таго, каб клікаць да Хрыста іншыхВа ўспамін св. Язафата прайшла сустрэча духавенства Віцебскай дыяцэзіі

12 лістапада ў Глыбокім прайшла сустрэча духавенства і кансэкраваных асобаў Віцебскай дыяцэзіі. З нагоды таго, што яна адбылася ва ўспамін св. Язафата Кунцэвіча, біскупа і мучаніка, знакамітага уніяцкага дзеяча, які з’яўляецца апекуном дыяцэзіі, на сустрэчу прыбыў Апостальскі візітатар для грэка-католікаў у Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек.

Паклікання да таго, каб клікаць да Хрыста іншыхПаклікання да таго, каб клікаць да Хрыста іншыхУ межах сустрэчы адбылася канферэнцыя, якую прамовіў а. Станіслаў Памыкала SJ. Святар узгадаў два фрагменты з Евангелля: прыпавесць пра блуднага сына і сустрэчу Езуса з жанчынай з Самарыі каля студні. На іх аснове а. Станіслаў Памыкала прапанаваў прысутным паразважаць над пытаннямі: ці ўмеем мы быць сынамі і ці пакланяемся Богу ў духу і праўдзе (у адпаведнасці са словамі Хрыста ў Евангеллі: «Надыходзіць гадзіна, і цяпер ужо ёсць, калі праўдзівыя вызнаўцы будуць пакланяцца Айцу ў Духу і праўдзе. І такіх вызнаўцаў шукае сабе Айцец. (…) хто пакланяецца Яму, павінны пакланяцца ў Духу і праўдзе»).

Па словах а. Станіслава Памыкалы, крытэрыем таго, ці пакланяюцца святары Богу ў духу і праўдзе, з’яўляецца тое, ці умеюць яны прабачаць і любіць сваіх братоў у святарстве.

Затым духавенства і кансэкраваныя асобы ўдзельнічалі ў адарацыі Найсвяцейшага Сакрамэнту.

Святую Імшу ўзначаліў Апостальскі адміністратар Віцебскай дыяцэзіі кс. прэлат Францішак Кісель. З гаміліяй да ўдзельнікаў сустрэчы звярнуўся архімандрыт Сяргей Гаек.

Архімандрыт звярнуў увагу на тое, што ўспамін св. Язафата, які ў Віцебскай дыяцэзіі мае характар урачыстасці, сёлета адзначаецца напрыканцы Года веры — «асаблівага часу, калі мы мелі магчымасць паразважаць над дарам веры, яго каштоўнасцю». Па словах Апостальскага візітатара, «вельмі важна, што мы скарысталіся гэтым часам, больш ці менш дасканала», а сам Год веры «быў дарам і заданнем».

Святы Язафат, як адзначыў архімандрыт, якраз усведамляў «каштоўнасць дару веры», а таксама «неабходнасць пэўных умоваў для яе росту». У час яго жыцця існавала «шмат праблем палітычных, але ў першую чаргу духоўных», і адной з першых рэчаў, якія зрабіў святы, стаўшы біскупам, стала напісанне ім правілаў для святароў. Першае месца, па словах архімандрыта, у гэтых правілах займала малітва — асабістая, сумесная, — як частка жыцця святара ў служэнні.

Апостальскі візітатар, звяртаючыся да прысутных, падкрэсліў: «Сёння вельмі важна, каб мы адкрывалі каштоўнасць нашага паклікання — паклікання да таго, каб клікаць да Хрыста іншых».

Анастасія Грышан, Catholic.by

Вярнуцца назад