Парафія сьвятога Язэпа > Казаньні і гаміліі > Казанне на пачатак Піліпавага посту

Казанне на пачатак Піліпавага посту


7.11.2013.
Усё мае сваю пару, і гадзіна (для) кожнае дзеі - пад небам.
Ёсць пара нарадзіцца, і пара паміраць[…]
пара разбураць, і пара будаваць;
пара плачу, і пара весялосці[…];
пара раскідаць камяні, і пара збіраць камяні[…]
пара маўчаць, і пара прамаўляць;
пара кахаць, і пара ненавідзець[…].
Эклезіяст 3, 1-8.


Гэты паэтычны тэкст Біблія прапануе нам быццам password, які адкрывае доступ да разумення рытму і логікі чалавечага быцця. У ім прысутнічаюць розныя моманты, добрыя і дрэнныя, і часта не ад самога чалавека залежыць, што напаткае яго ў жыцці. Бо, “ўсё мае сваю пару”. Адпаведна, сапраўдная мудрасць праяўляецца ў здольнасці чалавека распазнаць пару, адпаведную для кожнае дзеі. Такім чынам чалавек можа вызваліцца з “няволі” часу, перастаць быць ягоным закладнікам. Наадварот, Час – такі самы Божы Слуга, як і кожны з нас, стаецца сродкам сумоўнасці з Богам, пачынае працаваць на чалавека, а не супраць яго. Гэта можа адбыцца праз прыняццё чалавекам Божае волі адносна сябе ў пэўны момант жыцця. Калі чалавек усім сэрцам прымае Божаю волю, разам з ёй даюцца чалавеку Божае блаславенне, мудрасць і сіла, патрэбныя для выканання распачатае справы, або цярплівасць, каб перанесці тое, што “робіць” з чалавекам жыццё. Гэтыя дары робяць чалавека здатным сярод усіх цяжкасцяў жыцця зберагчы галоўны сярод дадзеных яму Богам дароў – “царственную” свабоду.

Літургічны каляндар візантыйскай царкоўнай традыцыі добра адлюстроўвае гэту біблійную і агульначалавечую рытміку жыцця. У ім чаргуюцца перыяды вялікіх царкоўных святаў, такіх як Уваскрасенне Хрыстова, Успенне Багародзіцы і Раство Хрыстова, а таксама доўгія перыяды падрыхтоўкі да гэтых святкаванняў, якія называюцца пастамі. І як бы моцна не адрозніваліся гэтыя перыяды царкоўнага году адзін ад аднаго, толькі калі кожны з асобных елементаў займае сваё месца і пачынае выконваць уласцівую яму ролю, толькі тады яны стаюцца сродкам для асвячэння часу і упрысутнення ў ім жыцця нашага Госпада. Калі нават перажыванне звычайных чалавечых святаў моцна залежыць ад таго наколькі чалавек падрыхтаваўся да іх, наколькі ж больш справядлівым будзе гэта правіла ў дачыненні да святаў Гасподніх – “святога” часу, прысвячанага выключна Богу. Падчас Гасподніх святаў мы не стаемся ўдзельнікамі толькі чалавечай радасці, гасціннасці і супольнага пасілку (хоць і гэтых моманты не чужыя для нашых царкоўных святкаванняў), але стаемся ўдзельнікамі Божае ласкі, Божых дароў і нябеснай радасці. І каб “увайсці у радасць Госпада” нашага, каб Ён змог падзяліцца з намі Сваю святасцю, мы павінны рыхтавацца да Гасподніх свят настолькі больш сур’ёзна, наколькі дары, пра якія мы Яго просім, перавышаюць звычайныя чалавечыя дары.

Сёння мы пачынаем Піліпавы пост – пост перад Растовом Хрыстовым. Гэты пост павінен стаць для нас асаблівым часам працы над сабой, часам малітвы і пакаяння, часам служэння бліжнім. Упрадоўж сарака дзён перад Раством Хрыстовым мы павінны імкнуцца аднайсці час на тыя рэчы, на якія часу ў нас зазвычай не хапае. І разам з гэтымі рэчамі, што нашмат больш важна, мы павінны пастарацца аднайсці тую частку саміх сябе, на якую мы часта не маем часу. Тую частку свайго жыцця, якую мы загубілі, як тую заблуканую евангельскую авечку або закапаны ў зямлю “талант”. “Што мы прынясем, Табе, Хрысце?” – задаюць амаль рытарычнае пытанне нашы літургічныя тэксты ў часе Раства Хрыстовага. Што можа чалавек прынесці Богу апрача самога сябе, або хоць бы, нейкай часткі сябе і свайго жыцця. “Усё мае сваю пару”, – кажа Эклезіяст. Годнасць чалавека ёсць не толькі ў тым, каб прыносіць Богу годныя Яго дары, але нашмат больш – каб прыймаць тое, што Госпад нам дае. Не ведаем, што дасць нам Бог ў гэтым часе. Можа, не для аднаго з нас гэтыя тыдні будуць часам плачу ці весялосці, часам кахання ці нянавісці, часам жыцця ці, магчыма, часам смерці. Будзем гатовыя прыняць усё тое, добрае або нядобрае, што дае нам жыццё. Або, дакладней, што дае нам Гаспадар Жыцця, наш Госпад. Амін.

Вярнуцца назад