Парафія сьвятога Язэпа > Навіны > У Мінску адбудзецца міжнародная міжканфесійная канферэнцыя «Хрысціянская антрапалогія перад выклікам сучаснасці»

У Мінску адбудзецца міжнародная міжканфесійная канферэнцыя «Хрысціянская антрапалогія перад выклікам сучаснасці»


31.10.2013.
У Мінску адбудзецца міжнародная міжканфесійная канферэнцыя «Хрысціянская антрапалогія перад выклікам сучаснасці»17–19 лістапада ў Мінску адбудзецца міжнародная міжканфесійная канферэнцыя «Хрысціянская антрапалогія перад выклікам сучаснасці». Плануецца, што канферэнцыя пачне працу 17 лістапада ў 16.00 на базе Міжнароднага адукацыйнага цэнтра імя Й.Рау (IBB цэнтр). У першы дзень на пленарным пасяджэнні чакаюцца выступленні ганаровых гасцей.

Сярод чакаемых ганаровых гасцей — Апостальскі Нунцый у Беларусі арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі Мітрапаліт Мінскі і Слуцкі Філарэт, прадстаўнікі вышэйшых навучальных установаў, хрысціянскіх канфесій, іўдзейскіх і мусульманскіх супольнасцяў. Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі кс. прэлат Андрэй Стэцкевіч выступіць з дакладам «Сучасныя выклікі біяэтыкі».

Да ўдзелу запрошаны таксама прадстаўнікі дзяржаўных органаў Рэспублікі Беларусь і эксперты з розных краін.

Канферэнцыя стане восьмай па ліку ў серыі міжканфесійных і міжрэлігійных форумаў, якія праводзяць у Беларусі сумесна праваслаўныя і каталіцкія арганізацыі.

Мэта канферэнцыі — паглыбленне і пашырэнне кантактаў паміж праваслаўнымі і каталіцкімі тэолагамі і сумесны пошук адказаў на пытанні, якія закранаюцца тэматыкай канферэнцыі, наладжванне сувязяў і развіццё супрацоўніцтва паміж прадстаўнікамі розных рэлігійных колаў. У мэты форуму ўваходзіць таксама ўстанаўленне больш цесных кантактаў паміж хрысціянскімі тэолагамі і свецкімі даследчыкамі, якія спецыялізуюцца ў галіне гісторыі праваслаўя, каталіцтва, рэлігіязнаўства, філасофіі і сацыялогіі.

Таксама ў межах канферэнцыі пройдзе праца ў секцыях па напрамках: тэалагічныя асновы антрапалогіі, хрысціянская антрапалогія і правы чалавека, хрысціянская антрапалогія і біяэтыка.

Заключнай часткай праграмы канферэнцыі стане круглы стол на тэму «Рэлігійная антрапалогія і гендэрныя пытанні». У яго працы прымуць удзел прадстаўнікі хрысціянскіх, ісламскіх і іўдзейскіх супольнасцяў.


Вярнуцца назад