Парафія сьвятога Язэпа > Навіны > Пасланне ўсходніх каталіцкіх біскупаў Еўропы

Пасланне ўсходніх каталіцкіх біскупаў Еўропы


23.10.2013.
Пасланне  ўсходніх каталіцкіх біскупаў ЕўропыНа заканчэнне сустрэчы ў Кошыцах (17-19 кастрычніка 2013 г.) біскупы Усходніх Каталіцкіх Цэркваў накіравалі да вернікаў пастырскае Пасланне.

Біскупы Усходніх Каталіцкіх Цэркваў Еўропы сабраліся сёлета, у 1150-ыя ўгодкі прыбыцця святых Кірылы і Мятода да славянскіх народаў, у Кошыцах – культурнай сталіцы Еўропы 2013 году, на сваю штогадовую сустрэчу пад патранатам Рады Канферэнцый Біскупаў Еўропы і на запрашэнне мясцовага грэка-каталіцкага епарха. Тэмай сустрэчы стала евангелізацыя культуры. Біскупы мелі нагоду па-новаму паглядзець на евангелізацыйную місію двох святых грэцкіх братоў, звярнуўшы ўвагу на актуальныя выклікі, з якімі сустракаюцца Цэрквы Еўропы на мясцовым узроўні.
Напрыканцы гэтай сустрэчы біскупы звяртаюцца да сваіх вернікаў і ўсіх людзей добрай волі з гэтым пасланнем надзеі, міласэрнасці ды любові.

Глыбока перакананыя ў актуальнасці паслання святых Кірылы і Мятода, хочам яшчэ раз падкрэсліць і нагадаць пра хрысціянскія карані Еўропы. Еўрапейская цывілізацыя і культура, адарваныя ад збаўчага Хрыстовага Евангелля, не змогуць збудаваць моцнага чалавечага грамадства, заснаванага на маральных, этычных і сямейных каштоўнасцях, якія з’яўляюцца гарантамі справядлівасці і міру сярод народаў. Культура без Бога вядзе чалавека да адчаю і смерці. Мы прапануем культуру жыцця і надзеі – культуру, якая здатна агарнуць чалавека ва ўсіх ягоных вымярэннях і стварыць братэрства, любоў, сяброўства і салідарнасць, асабліва ў адносінах да беднага, эмігранта і пакінутага. Сапраўды годная культура – гэта культура, якая ўключае ў сябе культ Бога, Бога, які любіць кожнага чалавека, за якога Ён аддаў жыццё і перамог смерць сваім слаўным Уваскрасеннем.

Мы добра ведаем праблемы нашых народаў, крызіс, у якім знаходзіцца ўвесь еўрапейскі кантынент, тэрарызм і ўзброеныя канфлікты, палітычную барацьбу і расізм. Крызіс не толькі эканамічны, але і духоўны. Мы, хрысціяне, у нашай ідэнтычнасці католікаў усходніх абрадаў, пакліканы быць найбольш праўдзівымі сведкамі багатай спадчыны нашых Айцоў, якую засведчылі шматлікія нашыя пастыры і браты. Хочам з радасцю і энтузіязмам абвяшчаць Добрую Вестку Божай Любові да ўсіх. Мы патрабуем Бога, каб знайсці сэнс нашага існавання на гэтай зямлі. Ніхто не можа несці свой крыж сам, толькі з Богам і з братамі. Таму хочам падкрэсліць, што Хрыстос не ёсць далёкім ад нашага жыцця. Ён просіць давяраць Яму. У нашых жыццёвых клопатах мы знаходзім у Ім скалу, на якую можам абаперціся.
Жывы досвед Уваскрослага Хрыста быў крыніцай, з якой нарадзіўся абавязак хрысціянаў будаваць еўрапейскую культуру. Сёння, як і ўчора, мы, усходнія каталіцкія біскупы Еўропы, сведчым пра нашую добрую волю супрацоўнічаць для фармавання культуры сустрэчы і дыялогу, заснаванай на праўдзе, свабодзе, справядлівасці, павазе і цярпімасці.

У еўрапейскім кантэксце нашы ўсходнія каталіцкія царкоўныя Супольнасці і кожны вернік асабіста пакліканы Божым Провідам працягваць евангелізацыйную місію святых Кірылы і Мятода, рэалізуючы неабходнае ўнутранае абнаўленне і гарманічнае развіццё, распачатае Другім Ватыканскім Саборам. Такім чынам нашыя багатыя традыцыі не застануцца толькі помнікам, якім захапляюцца і пра які памятаюць, але стануцца крыніцай жыцця, здатнай аздаравіць еўрапейскую культуру, якая стае ўсё больш дэхрыстыянізаванай і секулярызаванай.

Падчас нашай сустрэчы мы з асцярогай глядзелі на драматычнае становішча, якое церпяць нашыя браты-хрысціяне Блізкага Усходу і, у прыватнасці, Сірыі. Разам са Святым Айцом і мясцовымі біскупамі, мы молімся, каб распачаўся рашучы дыялог і каб да малітвы далучыліся палітычныя рашэнні, заснаваныя на справядлівасці і павазе да розных рэлігійных супольнасцяў, што павінна прывесці да неадкладнага спынення агню, адмовы ад усіх формаў гвалту і ў рэшце рэшт да прыпынення ўвозу зброі, які падтрымлівае вайну ў краіне.

Праз заступніцтва Маці Божай і Святых Кірылы і Мятода, заклікаем мір нашага Госпада на ўсіх людзей нашага кантынента.

Кошыцэ, 19 кастрычніка 2013 г.

Вярнуцца назад