Парафія сьвятога Язэпа > Навіны > Старшыня епіскапату Беларусі прыняў удзел у сустрэчы Рады Канферэнцыі Біскупаў Еўропы ў Браціславе

Старшыня епіскапату Беларусі прыняў удзел у сустрэчы Рады Канферэнцыі Біскупаў Еўропы ў Браціславе


12.10.2013.
Старшыня епіскапату Беларусі прыняў удзел у сустрэчы Рады Канферэнцыі Біскупаў Еўропы ў Браціславе3–6 кастрычніка ў Браціславе (Славакія) праходзіла сустрэча Рады Канферэнцыі Біскупаў Еўропы (ССЕЕ) на тэму «Бог і дзяржава. Еўропа паміж свецкасцю і лаіцызмам». Беларусь на сустрэчы прадстаўляў старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі біскуп Аляксандр Кашкевіч.

Нагодай для таго, каб правесці пасяджэнне ў сталіцы Славакіі па запрашэнні старшыні славацкага епіскапату арцыбіскупа Станіслава Зваленскага, стала завяршэнне юбілейных мерапрыемстваў 1150-годдзя прыбыцця святых Кірыла і Мятода на гэтыя землі. Сустрэчу ўзначальваў Прымас Венгрыі кардынал Петэр Эрдзё.

Удзельнікі пасяджэння, клапоцячыся пра далейшы лёс Еўропы, жадалі перасцерагчы перад пагрозамі ідэалогіі лаіцызму, якая імкнецца татальным чынам ізаляваць грамадскае жыццё ад рэлігійнага і абмежаваць веру прыватнай сферай.

Зараз у свеце перажываюцца часы новай евангелізацыі, таму Касцёл не забывае ні пра аднаго чалавека, а адначасова хоча сказаць, што там, дзе жывуць хрысціяне, там ёсць месца для Бога і сведчання Евангеллю і Хрысту.

Падчас пасяджэння біскупы выказаліся за тое, каб праводзіць разважанні ў гэтым кірунку і ўбачыць, як у паасобных краінах выглядае стаўленне свецкага да надпрыроднага. Іерархі падкрэслілі, што сёння трэба асабліва клапаціцца аб тым, каб людзі не згубілі надпрыродных каштоўнасцяў, бо, калі чалавек будзе моцны Богам, будзе шанаваць хрысціянскія каштоўнасці, Еўропа будзе моцнай і збудаванай на хрысціянскім фундаменце.

Іерархі адзначылі таксама неабходнасць вяртання і пастаяннага пошуку сапраўдных каштоўнасцяў, жыццядайных крыніц для Еўропы, якая шукае сваёй тоеснасці. Была падкрэслена важнасць пошуку таго пазітыўнага, што магло б дапамагчы Еўропе вярнуцца да веры і не страціць таго, што было перададзена мінулымі пакаленнямі.

Біскупы заўважылі, што сёння Еўропе патрэбна адвага ў абвяшчэнні Хрыстовага паслання, якое дапаможа з новым запалам служыць Богу і іншаму чалавеку.

Удзельнікі сустрэчы звярнулі ўвагу і на тое, што сёння ў Еўропе ўсё часцей праяўляецца рэлігійная дыскрымінацыя. Сярод жа станоўчых бакоў яны адзначылі глыбейшую зацікаўленасць свецкіх людзей Касцёлам і справамі рэлігіі, што выяўляецца найперш у ініцыятывах у абарону жыцця. Біскупы падкрэслілі, што прыярытэтам для Касцёла заўсёды будзе выхаванне і клопат аб сям’і ў яе натуральным вымярэнні.

Падчас пасяджэння вылучаліся чатыры вялікія тэматычныя блокі з выступленнямі дакладчыкаў і дыскусія. Праходзілі таксама штодзённыя малітоўныя сустрэчы, у якіх маглі ўдзельнічаць усе жадаючыя; набажэнствы праводзілі Прэфект Кангрэгацыі па справах Біскупаў кардынал Марк Уэлле, дапаможны біскуп лацінскага Ерузалемскага Патрыярхату Уільям Шомалі, старшыня епіскапату Польшчы арцыбіскуп Юзаф Міхалік і старшыня епіскапату Італіі кардынал Анджэло Баньяско.

Іерархі наведалі Нітру, звязаную са святым Мятодам, калыску славацкага хрысціянства, і ўдзельнічалі там у катэдры св. Эмерана у Эўхарыстыі, якую ўзначаліў кардынал Петэр Эрдзё, Мітрапаліт Будапешта.

Таксама біскупы сустрэліся ў Прэзідэнцкім палацы з лідарам Рэспублікі Славакія Іванам Гаспаровічам.

Удзельнікі пасяджэння памаліліся за вяртанне міру Святой Зямлі і за ахвяр несправядлівасці і насілля ў гэтым рэгіёне. Малітоўнае чуванне ўзначаліў дапаможны біскуп лацінскага Ерузалемскага Патрыярхату Уільям Шомалі, які нагадаў, што на працягу апошніх 80 гадоў на зямлі Збаўцы было дзевяць войнаў, а перамовы аб міры не вырашылі складаных праблем.

Пасяджэнне завяршылася святой Імшой у браціслаўскай катэдры св. Марціна 6 кастрычніка.

Паводле Catholic.by

Вярнуцца назад