Парафія сьвятога Язэпа > Навіны > Сумесная малітва перад Наваградскай Іконай Багародзіцы

Сумесная малітва перад Наваградскай Іконай Багародзіцы


5.09.2013.
Сумесная малітва перад Наваградскай Іконай БагародзіцыМошчы Наваградскіх мучаніц манахіняў-назарэтанак ушанавалі рыма-католікі, грэка-католікі і праваслаўныя Навагрудчыны.

4 верасня 2013 г. Апостальскі Нунцый у Беларусі Архібіскуп Клаўдыё Гуджэроцці ўзначаліў у Наваградку літургічны ўспамін Блаславёнай манахіні Марыі Стэллы (Мардасевіч) і 10-ці яе сясцёр-назарэтанак.

Каля Наваградка знаходзіцца лес - месца мучаніцкай смерці блаславёных манахіняў. Менавіта гэта месца наведаў спачатку Архібіскуп Клаўдзій. Там, на месцы іх расстрэлу, маліўся разам з сустрэўшымі яго сёстрамі-назарэтанкамі.

Пасля, у славутым Фарным касцёле (г.зв. Фара Вітаўта) Уладыка Клаўдзій узначаліў урачыстую св. Імшу.
У літургіі ўдзельнічалі шматлікія святары з розных дыяцэзій Беларусі, сёстры-назарэтанкі ды шматлікія вернікі. Ад Беларускай Грэка-Каталіцкай Царквы ва ўрачыстасцях удзельнічаў а.Андрэй Буйніч, душпастыр грэка-католікаў Наваградка і Наваградскага рэгіёну.

Пасля св. Імшы, у капліцы Наваградскай Іконы Маці Божай, перад ракай з мошчамі Мучаніц, Апостальскі Нунцый узначаліў малітву Літаніі ў гонар Блаславёных мучаніц. Пасля гэтай малітвы кожны з прысутных вернікаў мог ушанаваць мошчы (рэліквіі) Мучаніц.

Перад Наваградскай Іконай Багародзіцы, у малітве ўшанавання Мучаніц, сустрэліся рыма-католікі, грэка-католікі і праваслаўныя Навагрудчыны.


“На мяне зрабіла моцнае ўражанне эмацыйнае казанне Уладыкі Апостальскага Нунцыя, які казаў пра згубны ўплыў розных ідэалогій на Каталіцкую Царкву і Беларусь”, – адзначыў а.Андрэй.

***
Ніжэй, увазе чытачоў сайта прадстаўляем некалькі цытатаў з казання ярарха.

«Гэта ўрачыстасць, якая, з аднаго боку, да гэтага часу напаўняе нашы сэрцы болем, калі мы ўзгадваем цярпенні, якія перанеслі сёстры з вашай Кангрэгацыі, а з другога боку, напаўняе сэрцы страхам, бо чалавек застаецца здольным рабіць такія жахлівыя злачынствы, і да сённяшняга дня мы не маем упэўненасці, што хтосьці не зможа паўтарыць падобнае».

«Нам таксама часам даводзіцца пакутаваць, цярпець, пераносіць пераслед, нараканні, і часам мы не ведаем, за што павінны ўсё гэта пераносіць. Прыходзяць розныя ідэалогіі, якія не лічацца з чалавекам, не бачаць у ім каштоўнасці і пачынаюць яго знішчаць, караць, без усялякага сэнсу і канкрэтнай мэты, навошта гэта робяць.
Прыйшлі бальшавікі і пачалі забараняць сёстрам жыць разам, насіць свой духоўны строй.
За імі прыйшлі нацысты. Яны дазволілі сёстрам апранаць габіт, а пасля раптам вырашылі забіць 11 з іх.
Душа веруючага чалавека разумее, чаму такое адбываецца, але свет навокал – не. Хто можа зразумець, як адбылося так, што гэтыя сёстры саміх сябе прапанавалі прынесці ў ахвяру, зрабілі з сябе такое ахвярапрынашэнне, каб выратаваць свецкіх людзей, а таксама свайго святара? Што, як вы думаеце, можа на гэта сказаць свет, які ніякім чынам не можа зразумець, як можна сябе прынесці ў ахвяру за кагосьці, калі кожны думае пра тое, як выжыць самому?»

«Мы не ведаем, што будзе са светам у наступныя дні, таму што свет – гэта вялікая таямніца. Гэта таямніца граху, таямніца зла, якое караніцца ў натуры ўсяго існага. І, калі мы ўшаноўваем гераізм гэтых жанчын, якія аддалі сваё жыццё, мы ўшаноўваем перадусім іх вернасць любові»,

Вярнуцца назад