Парафія сьвятога Язэпа > Навіны > Старшыня Папскай рады па справах свецкіх: Сусветны дзень моладзі — сродак супраць стомленасці веры
Старшыня Папскай рады па справах свецкіх: Сусветны дзень моладзі — сродак супраць стомленасці веры18.07.2013. |
|
Іерарх адзначыў важнасць таго, што моладзевы форум пасля 26 гадоў вяртаецца ў Лацінскую Амерыку і што ўзначаліць яго Папа — выхадзец з гэтага кантынента. Пантыфік неаднойчы падкрэсліваў, што менавіта моладзь павінна сказаць свету, што гэта цудоўна – ісці за Езусам, жыць не толькі для сябе, але выйсці на перыферыі існавання. Па словах кардынала Станіслава Рылкі, за амаль трыццаць гадоў гісторыі Сусветных дзён моладзі свет маладых людзей значна змяніўся: у 80-х гадах былі яшчэ жывыя культурныя плыні з моцнай ідэалагічнай палярызацыяй – камунізм-капіталізм; існавала радыкальная апазіцыя да існуючага свету; сёння ж мы жывём у зусім іншых культурных, грамадскіх, эканамічных, палітычных і рэлігійных сцэнарыях, і маладыя людзі першымі адчулі на сабе наступствы гэтых змен — як станоўчыя, так і адмоўныя. Моладзь — гэта ўвогуле «вельмі адчувальны культурны сейсмограф», падкрэсліў іерарх, словы якога прыводзіць Ватыканскае радыё. Кардынал заўважыў, што самая вялікая праблема на сённяшні дзень у асяроддзі моладзі – гэта «крызіс Бога» і выключэнне Яго з чалавечага далягляду, а таксама крызіс чалавека, які ставіць пад пытанне сваю прыроду. У гэтым кантэксце Сусветныя дні моладзі з’яўляюцца важнай «лабараторыяй веры» і пошуку новых, больш эфектыўных форм дыялогу паміж Касцёлам і маладым пакаленнем. Форум таксама дэманструе, што ў свеце маладых людзей у цяперашні час адбываецца свайго роду «ціхая рэвалюцыя», якая палягае на абранні Хрыста як дарогі, праўды і жыцця. Але нязменным на працягу амаль трыццаці гадоў засталося пытанне пра сэнс жыцця і прагненне Бога, якое жыве ў сэрцы кожнага чалавека, адзначыў іерарх. Адна з асноўных задач Сусветных дзён моладзі, на думку старшыні Папскай рады па справах свецкіх, — узвядзенне мастоў паміж падзеямі, якія адбываюцца ў іх рамках, і штодзённым жыццём. Кардынал звярнуўся таксама да сацыяльнага кантэксту, у якім будзе праходзіць сёлетні Дзень моладзі, нагадаўшы, што Бразілія сёння — магутная эканамічная дзяржава, але ў той жа час гэта краіна, якая мае сур’ёзныя сацыяльныя, культурныя і рэлігійныя праблемы. Сусветны форум, на думку іерарха, з’яўляецца напамінам усім пра маладое пакаленне як «агульнае дабро», самае дарагое для грамадства, бо ў рэчаіснасці часта бывае – і не толькі ў Лацінскай Амерыцы – што маладыя людзі плацяць самую высокую цану ў выглядзе маргіналізацыі, беднасці і беспрацоўя. Па словах кардынала, вялікім дарам, якім маладыя бразільцы могуць падзяліцца са сваімі аднагодкамі з секулярызаванай часткі свету, з’яўляюцца радасць і энтузіязм веры як «сродак супраць стомленасці веры», аб чым неаднойчы казаў папа Францішак. Паводле Catholic.by Вярнуцца назад |