Парафія сьвятога Язэпа > Казаньні і гаміліі > Хрыстос там, дзе Яго патрабуюць

Хрыстос там, дзе Яго патрабуюць


15.06.2008.
Мц. 8.28 – 9.1

[b]Слава Ісусу Хрысту!
Дарагія браты и сёстры!


Сёньня ў Эвангельлі мы бачым, як Госпад аздараўляе двух апантаных у зямлі Гергезінскай. Гэтыя двое, якіх ужо цяжка назваць людзьмі, знаходзяцца пад уладай д’ябла. Жывуць у магілах, лютыя, так што “ніхто ня мог праходзіць тою дарогаю”8.28.

... што адбываецца ў жыцьці чалавека, калі Бог для яго перастае быць Уладаром? Усё пачынаецца з простага: нам хочаца быць толькі трошку больш свабоднымі, трошку больш незалежнымі, больш самастойнымі, жыць па сваіх правілах. Калі бацькі просяць дапамагчы, мы пытаем, а чаму я, чаму не нехта іншы? Калі жонка патрабуе ўвагі, мы пытаем, а ці мая праца не патрабуе ўвагі? Калі дзеці нагадваюць, што ты абяцаў схадзіць зь імі ў парк, абавязкова ўзгадваеш, што сёньня футбол і, канешне, грае твая любімая каманда. Так пачынае разбурацца наша жыцьцё, патроху, і вось ужо ўсе баяцца падысьці да цябе. А яшчэ, твая праца сапраўды цяжкая, і зьяўляюцца штучныя стымулятары – цыгарэты, кава, алкаголь... І вось ты не зусім незалежны, а, наадварот, зусім залежны, толькі ўладар твайго жыцьця не Творца, не Той які даў табе жыцьцё і гатовы зрабіць усё, каб захаваць яго. Тваё жыцьцё разбурана...

Гэтыя двое патрабуюць Хрыста, толькі Ён можа направіць іх жыцьцё, якое яны згубілі. Яны не могуць гаварыць, але яны сустрэлі Яго. Ён прыйшоў да іх. Ён там, дзе Яго патрабуюць, Ён побач зь імі. Гавораць бесы, і Ісус проста адным словам “ідзіце”8.32 выганяе іх і вызваляе людзей.

... што адбываецца ў жыцьці чалавека, калі ён сустракае Хрыста. Усё пачынаецца, з простага, табе хочаца быць падобным да Яго. Хочацца проста больш любіць, паказаць іншым тое што пазнаў сам – Ягоную Ласку. Хочацца проста паслужыць іншым, паказаць ім тое што пазнаў – Ягоную Ахвяру. Хочацца клапаціцца аб жонцы і дзецях, не толькі таму, што ведаеш, – аб іх клапоціцца Ён, але проста таму, што любіш іх больш за ўсё на сьвеце. Хочацца праслаўляць Бога і пакланяцца Яму ўсім сваім жыцьцём...

“І вось, увесь горад выйшаў на сустрэчу Ісусу; і, убачыўшы Яго, прасілі, каб Ён адышоў ад іх межаў”8.34 Яны чулі, а пасьля і самі ўбачылі, што зрабіў Ісус. Ня ведаю, што яны падумалі, але вельмі праўдападобна, што ім захацелася быць толькі трошку больш свабоднымі, трошку больш незалежнымі, больш самастойнымі жыць па сваіх правілах...

Хрыстос там дзе Яго патрабуюць.

Вярнуцца назад