Парафія сьвятога Язэпа > Навіны > Пастырскае Слова Апостальскага Візітатара для грэка-католікаў Беларусі на свята Пасхі Хрыстовай 2013 года

Пастырскае Слова Апостальскага Візітатара для грэка-католікаў Беларусі на свята Пасхі Хрыстовай 2013 года


30.03.2013.
Пастырскае Слова Апостальскага Візітатара для грэка-католікаў Беларусі на свята Пасхі Хрыстовай 2013 годаПачэсныя Святары і Дыяканы!
Любыя ў Госпадзе Манахі, Манахіні і Браты Семінарысты!
Дарагія Браты і Сёстры! Паважаныя Сябры!


Крыжу Твайму пакланяемся, Уладару наш,
і святое Ўваскрасенне Тваё славім.


1. Радасць Уваскрасення Госпада і Збаўцы нашага Ісуса Хрыста вянчае шлях Вялікага Посту. Спеў пакланення Ўваскросламу завяршае нашае маўчанне і роздум над хрысціянскім пакліканнем.
У “Годзе веры” радасным спевам узвялічваем пасхальную перамогу Ўваскрослага Хрыста ды ў святле Ўваскрасення асэнсоўваем таямніцы нашай веры. З глыбіні сэрца кажам: “Веру, Госпадзе, і вызнаю”.
У духу глыбокай веры прымаем служэнне новага Біскупа Рыму, Папы Францішка, і дзякуем яму за заклік “несці цеплыню надзеі” людзям.
У пасхальны час разумеем, што крыніцай гэтай нязгаслай надзеі ёсць праўда, якую радасна абвяшчаем:
“Хрыстос уваскрос! – Сапраўды ўваскрос!”

2. У святле Ўваскрасення Хрыстовага асэнсоўваем мучаніцкі шлях Экзарха нашай Беларускай Грэка-Каталіцкай Царквы – пакутніка Антона Неманцэвіча, закатаванага 70 год таму ў нацысцкай турме ў Мінску. Яго вернасць Богу, Царкве і Беларусі – гэта заклік для ўсіх нас.
У святле Пасхі Госпада і Збаўцы нашага Ісуса хочам асэнсаваць наш супольны 20-гадовы подзвіг адкрытай дзейнасці грэка-каталіцкіх парафіяў у Беларусі ў структурах Апостальскай Візітатуры – душпастырскай платформы акармлення вернікаў нашай Царквы.
У тым жа пасхальным святле Ўваскрасення Хрыстовага асэнсоўваем сведчанне вернасці Богу і Царкве святамучаніка Язафата, Архібіскупа Полацкага – мучаніка за Праўду Евангелля.

3. Евангелле Ісуса Хрыста – гэта крыніца нашай веры. Хочам глыбока прыняць яго ў нашыя сэрцы і мужна несці іншым. Таму з асаблівай пашанай глядзім на Роўнаапостальных Кірылы і Мятода, Настаўнікаў Славянскіх.
1150 год таму прынеслі яны славянам Евангелле на роднай мове. Тоё ж самае Евангелле Ісуса Хрыста хочам сёння на роднай мове абвяшчаць усім нашым братам і сёстрам – жыхарам Беларусі. І хочам сведчыць, што гэтае ж Евангелле нясе ўсім людзям добрай волі нястомную надзею.
На пачатку Вялікага Посту, 14 лютага, мы ўзгадвалі спачын святога Кірылы Салунскага, манаха, на Светлым тыдні – 6 красавіка ўзгадваем спачын святога архібіскупа Мятода Салунскага.
Малітвы святых Братоў Салунскіх хай умацоўваюць нас у любові да нашай роднай мовы і духоўнай культуры.

4. Пачэсныя Айцы! Любыя ў Госпадзе Браты і Сёстры! Паважаныя Сябры!

Няхай святы Пасхі Гасподняй будуць для ўсіх нас жывой сустрэчай з Уваскрослым Ісусам Хрыстом, Які ўмацоўвае нашую надзею і прасвятляе нашае жыццё святлом сваёй Пасхальнай Перамогі.
Няхай праз заступніцтва Багародзіцы ды праз прыклад і малітвы мучанікаў і
сведкаў Хрыста на нашай Беларускай Зямлі Блаславенне Ўваскрослага Хрыста дойдзе да ўсіх вас, да ўсіх вернікаў нашай Царквы ў Беларусі і ў Замежжы, да ўсіх хрысціянаў і да людзей добрай волі ў нашай Бацькаўшчыне.

Усіх вас шчыра віншую са Светлым Хрыстовым Уваскрасеннем: 
Хрыстос уваскрос! – Сапраўды ўваскрос!

Мінск, Пасха Хрыстова 2013 г.
+Архімандрыт СЯРГЕЙ (Гаек)
Апостальскі Візітатар для грэка-католікаў Беларусі

Вярнуцца назад