Парафія сьвятога Язэпа > Навіны > ПЕРАДКАЛЯДНЫЯ РЭКАЛЕКЦЫІ (21-22 сьнежня 2012 г.)
ПЕРАДКАЛЯДНЫЯ РЭКАЛЕКЦЫІ (21-22 сьнежня 2012 г.)23.12.2012. |
|
“Малітва ёсьць размова розуму з Богам” (Слова пра малітву 3). Гэта размова (гр. OMILEIA, лац. COLLOQUIUM) указвае на асаблівую годнасьць чалавека, прысутнасьць у ягонай прыродзе элемент, які робіць яго здольным паднесьціся ў малітве да Бога. Адпаведна, вакол малітвы як прынцыповага элементу духоўнага жыцьця чалавека, разгортваецца асноўная духоўная барацьба. *** “З усяго разумнага стварэньня, што існуе пад нябёсамі (Экл 1,13), адна частка змагаецца, іншая дапамагае той, што змагаецца, а іншая супрацьстаіць той, што змагаецца” (Антыррэтыкос, Уступ). У духоўнай барацьбе чалавеку супрацьстаяць “духі злосьці паднябесныя” (Эф 6,12), а анёлы дапамагаюць яму. Асноўным сродкам, праз які розналікае зло атакуе чалавека, ёсьць думкі. Калі чалавек прымае іх, яны лёгка адводзяць увагу чалавека ад Бога, ад малітвы. Прыняўшы дрэнную думку, хібную ідэю, чалавек з часам можа прыйсьці і да ажыцьцяўленьня граху шляхам канкрэтных учынкаў. “Як супрацьстаяць злым думкам?” – пытаецца Евагрый. *** “Наш Госпад Ісус Хрыстос, які даў нам усё неабходнае для збаўленьня, даў нам уладу “наступаць на зьмеяў і скарпіёнаў, і на ўсю варожую сілу (Лк 10, 19)… Ён навучыў нас гэтага спосабу барацьбы ў той час, калі Ён сам быў спакушаны шатанам (Мц 4, 1-11). Таму ў часе барацьбы, калі бесы ваююць супраць нас, мы адказваем ім словамі Сьвятога Пісаньня, не дазвалюючы думкам затрымацца ў нас і штурхнуць душу ў грэх, зрэалізаваны праз канкрэтныя учынкі (Антыррэтыкос, Уступ). Духоўны метад для барацьбы са злымі думкамі, які прапануе Евагрый, можна акрэсліць як ужываньне супраць злых думак Слова Божага. Чалавек адказвае на спакусы не ўласнымі словамі, але адпаведнымі да сітуацыі словамі Сьвятога Пісаньня, так як гэта рабіў Хрыстос ў часе спакусы ў пустэлі. Калі чалавек “перабывае” ў Божым Слове, яно само зьберагае чалавека ад зла, дае ласку і сілу Сьвятога Духа, разуменьня Божай волі і шляху да збаўленьня, якім чалавек пакліканы ісьці ў сваім жыцьці. Ераманах Лявонцій (Тумоўскі). Вярнуцца назад |