Парафія сьвятога Язэпа > Навіны > Пастырскі візіт Апостальскага Нунцыя ў Брэст
Пастырскі візіт Апостальскага Нунцыя ў Брэст26.11.2012. |
|
Высокадастойны Апостальскі Нунцый у Рэспубліцы Беларусь Архібіскуп Клаўдыё Гуджэроцці 24 – 25 лістапада 2012 г. знаходзіўся з візітам у Брэсце. Па запрашэнні Біскупа Пінскага Ўладыкі Антонія Дзям’янкі ён узначаліў у нядзелю, 25 лістапада 2012 г., святкаванні 600-га Юбілея першай рыма-каталіцкай парафіі ў Брэсце. У другой палове дня ў суботу Апостальскі Нунцый наведаў душпастырскі цэнтр грэка-каталіцкай парафіі Братоў Апосталаў Пятра і Андрэя, дзе яго прымалі Архімандрыт Сяргей (Гаек), Апостальскі Візітатар для грэка-католікаў Беларусі, святары ды вернікі. Пасля заканчэння візіта ў грэка-каталіцкі душпастырскі цэнтр Апостальскі Нунцый накіраваўся на малітву ў рыма-каталіцкі парафіяльны касцёл імя Узвышэння Святога Крыжа (галоўны касцёл Брэста). У касцёле яго сустрэлі Біскуп Пінскі Ўладыка Антоні Дзям’янка і дапаможны Біскуп Пінскай дыяцэзіі Ўладыка Казімір Велікаселец, святары ды вернікі абодвух абрадаў, лацінскага і візантыйскага, да якіх Апостальскі Нунцый скіраваў духоўную прамову, пасля якой затрымаўся ў малітве перад цудатворным Абразом Маці Божай, удзельнічаючы ў спеве Акафіста. У нядзелю ранкам, 25 лістапада, Апостальскі Нунцый накіраваўся на малітву на месца, дзе стаяла царква святога Мікалая, і дзе ў 1596 годзе адбываўся Сінод, на якім была абвешчана Берасцейская царкоўная Ўнія Рускай Царквы з Рымам. У нядзелю, 25 лістапада, у свята Хрыста Уладара Сусвету, у касцёле Узвышэння Святога Крыжа адбылося святкаванне 600-га Юбілея першай рыма-каталіцкай парафіі ў Брэсце. Святую Імшу ўзначаліў ды прамовіў казанне Апостальскі Нунцый. На завяршэнне ўрачыстасці ён ўдзяліў вернікам Апостальскае Блаславенне ад імя Святога Айца Бенедыкта XVI. Святую Літургію саслужылі іерархі: Біскуп Антоні Дзямянка, Біскуп Казімір Велікаселец, Архімандрыт Сяргей (Гаек), святары абодвух абрадаў з Беларусі і замежжа. Касцёл і плошчу перад ім запоўнілі шматлікія вернікі, якія прыбылі на святкаванні з розных куткоў Берасцейшчыны. Фота Ігара Бараноўскага Вярнуцца назад |