Парафія сьвятога Язэпа > Казаньні і гаміліі > 13-я нядзеля пасьля Тройцы

13-я нядзеля пасьля Тройцы


26.08.2012.
“Ушанаваны будзе сын мой” (Мц 21, 37)

1. Гэтыя словы з чытанага сёньня ў нашых цэрквах Евангельля кранаюць сэрца сваёй Боскай наіўнасьцю. Хіба можа не крануць тое, што маючы поўную ўладу Гаспадар, кіруецца не жаданьнем гвалтоўнага аднаўленьня сваіх правоў у вінаградніку, але памкненьнем абудзіць сумленьне ў тых, хто яго страціў. Прыповесьць пра злых вінаградараў яскрава паказвае той клопат, якім Бог атачае сваё найвышэйшае стварэньне, не жадаючы яго загібелі, але абуджаючы яго да асэнсаваньня рэчаіснасьці і неадкладнай рэстаўрацыі Божых правоў. І ў гэтым сваім дзеяньні Госпад “наіўна”разьлічвае на тое, што злоба будзе пераадолена лагодай і дабрынёй.

Сумленьне – гэтая тая прылада, якую Бог абраў быць першым стымулятарам аднаўленьня парушанай справядлівасьці. Сумленьне – гэта той голас уначы, які не дае заснуць чалавеку грахоўным сном ленасьці ў справе свайго выпраўленьня. Сумленьне часта робіцца і блаславеньнем і праклёнам чалавечага жыцьця, - у залежнасьці ад адказу на гэты кліч.

2. У сёньняшняй прыповесьці сталася так, што вінаградары, насуперак наіўнаму меркаваньню Гаспадара, не ўшанавалі яго сына, але, заглушыўшы адзін адному голас сумленьня прагай завалодаць тым, што ім не належыць, забілі яго. Калектыўнае пацямненьне развагі неаднойчы здаралася ў гісторыі, і заўсёды яму папярэднічала асабістае занядбаньне сваёй маралі і годнасьці. Часта людзі стаюцца актыўнымі ўдзельнікамі страшных падзеяў так заўзята, як заўзята потым абтрушваюць з сябе нават усякае падазрэньне ў прычаснасьці да гэтага. Так было ў нядаўнія часы багаборніцтва, калі ў эйфарыі “навуковага прагрэсу”, людзі кінуліся руйнаваць цэрквы, злосна нападаючы на ўсякія праявы рэлігійнасьці. Але потым, наадварот, стала так модна падкрэсьліваць сваю “невінаватасьць” і “рэлігійнасьць”, што вінаватага – днём з агнём ня знойдзеш. Занавеска ўпала з вачэй людзкіх і стала брыдка да такога ступеня, што прызнаць сябе прычасным да багаборніцтва стала амаль што немагчымым. “Каб мы жылі ў дні бацькоў нашых, не былі б саўдзельнікамі іх у праліваньні крыві прарокаў” (Мц 23,30)

3. Мяняецца тэхнічны прагрэс, зьмяняецца прырода, клімат, навакольле, але чалавек застаецца той самы. У ім, на жаль, усё яшчэ прысутныя тыя самыя памкненьні, што былі ўласьцівыя евангельскім злым вінаградарам – прысвоіць тое, што належыць Богу. Чалавек ізноў, ужо каторы чарговы раз робіць сябе мерылам ўсяго, сваю свабоду і правы ўзносіць на п’едэстал, забыўшыся (альбо проста пагрэбаваўшы) пра тое, што ён мае абавязкі, таксама як ёсьць і мяжа яго свабодзе. Усё часьцей даводзіцца сутыкацца са спробай “калектыўнага” апраўданьня несправядлівасьці, блюзьнерства, прыгнёту.

Бывае, што гэта нават паходзіць ад тых, хто “калектыўна веруе”, спадзяючыся на нейкую калектыўную адплату ад Бога за фіктыўную прыналежнасьць да царкоўнай супольнасьці са шматабяцаючай прыгожай назвай. Нярэдка гэтая калектыўная змова мае характар настолькі брутальны, што здаецца, што неўзабаве ізноў прагучыць слова Госпада: “ушануюць сына майго”. Але прыповесьць канстатуе: не ўшануюць. Няма надзеі на тое, што тыя, што занядбалі сваё духоўнае жыцьцё і сумленьне, скінуць путы падбухторшчыкаў псэўда-рэлігійнага альбо антыхрысьціянскага калектывізму і ня пойдуць за іх заклікам каменаваць, спачатку справядлівасьць, як атрыбут маральнага грамадства, а потым і людзей, што не ўступілі ў гэты злачынны калгас.

4. Таму вельмі важным застаецца судзеяньне Божай ласцы ў справе абуджэньня свайго ўласнага і людзкога сумленьня, не калектыўнага, а індывідуальнага. Наш прававерны (праваслаўны) сьветапогляд патрабуе асабістай веры і асабістай адказнасьці за ўсё, што адбываецца ў нас і вакол нас. Не існуе калектыўнага сумленьня, не існуе калектыўнай веры, не існуе калектыўнага збаўленьня, не існуе калектыўнай адказнасьці.

Ніхто з нас не павінен сябе ашукваць сваёй фармальнай прыналежнасьцю да сьвятой Царквы, але будаваць сваё жыцьцё ў адпаведнасьці з прыказаньнямі Бога, які ёсьць Гаспадаром нашага жыцьцёвага вінаградніка, дадзенага нам да часу ў абрабленьне. Стараймася ж распазнаваць знакі Божыя, ягоных слугаў і, самае галоўнае, барані Божа, каб не стацца нам саўдзельнікмі ў забіцьці Сына Яго.

Вярнуцца назад