Парафія сьвятога Язэпа > ХVIII грэка-каталіцкая Пілігрымка Віцебск – Полацк > Пілігрымка – школа хрысціянскага братэрства
Пілігрымка – школа хрысціянскага братэрства17.07.2012. |
|
15 ліпеня 2012 году завяршылася XVIII грэка-каталіцкая пілігрымка Віцебск-Полацак. Азіраючыся назад, хочацца зрабіць кароткі агляд таго вопыту, які быў дадзены перажыць удзельнікам у гэтым годзе. *** Надвор'е спрыяла нам, хоць у суботу перад уваходам у Полацак традыцыйна пайшоў дождж. Першы дзень быў самы цяжкі, бо прайшлі амаль 40 кіламетраў. Гэта не перашкодзіла нам разбіцца на групы, каб распачаць знаёмства ды працу ў іх на прыпынку. Асноўнай тэмай разважанняў у групах была: «Евангелізацыя – пакліканне сям'і». Гэта было актуальна, бо амаль кожны з нас жыве ў сям'і, таксама былі сярод нас і сужонкі. У пятніцу пілігрымы арганізавалі Сяброўскі вечар, на якім былі прадстаўлены вершы, песні, пантанімы, сцэнкі... Суарганізатар гэтага вечара – расейскі грэка-католік з Пецярбурга апісвае свае ўражанні наступным чынам: «Мне вельмі спадабалася пілігрымка... Літургія, Слова Божае, шлях, які ішлі пехатою – рамантычнае спалучэнне. У гэтым годзе мы былі падзеленыя ўмоўна на шэсць груп, у якіх абмяркоўвалі розныя пытанні... Мне асабліва была блізкая тэма Божай Міласэрнасці ды яе практычнага прымянення. Таксама мы адкрылі новае бачанне ды разуменне Ісусавай малітвы. Вечарамі мы сядзелі каля вогнішча, пелі песні, размаўлялі. Дзяліліся ўражаннямі і перажываннямі. Для мяне гэта была найлепшая пілігрымка з тых трох, у якіх я ўдзельнічаў у апошнія гады». *** Іншы пілігрым, Міхаіл Давідовіч з Ліды ў гэтым паломніцтве другі раз. Ён таксама дзеліцца сваімі ўражаннямі: «...Асабліва хацелася б зазначыць грэка-каталіцкую практыку споведзі на пілігрымцы: святары кожнаму чалавеку давалі 20-30 хвілін сваёй увагі... А яшчэ ў гэтым годзе быў вельмі смачны мясны паштэт у канапках, у адрозненні ад мінулага году – тады быў рыбны...». *** У гэтым годзе было 60 удзельнікаў пілігрымкі, да якіх у апошні дзень далучыліся таксама паломнікі, якія прыехалі з Мінска, Баранавічаў, Берасця, Гродна, Гомеля, Магілёва, каб прыняць удзел у Боскай Літургіі на завяршэнне пілігрымкі. З самай раніцы пілігрымы удзельнічалі ў Ютрані, пасля якой быў Хрост. Падчас жа Боскай Літургіі была здзейснена Таямніца Шлюбу. *** Пілігрымка ў гэтым годзе адзначалася неверагоднай дынамікай. Шмат хто з удзельнікаў адзначаў гэта кажучы, што ўвесь час паломніцтва праляцеў, як адзін дзень. Цяжка было развітацца пілігрымам – так моцна злучыла людзей малітоўная хада, пад час якой будаваліся сяброўскія сувязі. Ужо сёння можна сказаць, што шмат хто з іх зноў захоча прайсці гэты шлях у наступным годзе, бо разам з мазалямі яны зажадаюць паўтарыць вопыт малітвы, вопыт быць Царквой. *** «Я ўдзячны Госпаду за гэтую пілігрымку. Вельмі вялікае ўражанне на мяне пакінула братэрская гасціннасць, з якой супольнасць стараабрадцаў у Полацку прыняла пілігрымаў у сваім трапезным храме, дзе мы змаглі паабедаць, у той час, калі на вуліцы ішоў дождж. Я вельмі рады хрысціянскай любові Настаўніка супольнасці і пабожных, шчырых вернікаў» (Аляксандр)*** «Як праваслаўны хрысціянін я штогод стараюся далучыцца хаця б да завяршэння пілігрымкі. (Аляксей, праваслаўны).Тут я сустракаю грэка-католікаў, рыма-католікаў, пратэстантаў як братоў у Хрысце. Акрамя таго, я адкрываю, што у вас – грэка-католікаў – усё прасцей. І Літургію разумееш, і кантакт са святарамі, ды нават з ерархамі, просты. Зносіны з Богам у Супольнасці Царквы стаюцца больш простымі і – спадзяюся – больш глыбокімі. Вялікі дзякуй Арганізатарам пілігрымкі» *** «Мне спадабалася пілігрымка, у духовым і ў чалавечым плане. Я рад, што ўдзельнікі пілігрымкі размаўлялі і маліліся па-беларуску. Гэта вельмі каштоўны вопыт. (Павел, пратэстант).Асабліва ўразілі мяне словы Архімандрыта Сяргея на завяршальнай Службе ў нядзелю: “У гэтыя дні мы маліліся і надалей хочам маліцца аб умацаванні нашай любові да Бога і да нашай супольнай Бацькаўшчыны, да яе хрысціянскай, шматканфесійнай традыцыі і культуры, а асабліва да роднай беларускай мовы”» Вярнуцца назад |