Парафія сьвятога Язэпа > Навіны > Апостальскі Нунцый на фестывалю "Магутны Божа"
Апостальскі Нунцый на фестывалю "Магутны Божа"4.07.2012. |
28 чэрвеня 2012 года Апостальскі Нунцый арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці прысутнічаў на гала-канцэрце Міжнароднага фестывалю духоўнай музыкі «Магутны Божа» ў Магілёве. Перад пачаткам канцэрта, на якім прысутнічаў таксама міністр культуры РБ спадар Павел Латушка, нунцый скіраваў некалькі словаў да прысутных.У сваёй прамове арцыбіскуп адзначыў, што прысутнасць міністра на гэтым фестывалі мае значэнне сімвалічнае і незвычайнае, калі ўзяць пад увагу тое, што яшчэ дваццаць гадоў таму было забаронена нават вымаўляць імя Бога, а тых, хто верылі ў Яго, лічылі ворагамі культуры. Сапраўднай жа лічылася тая культура, якая не дапускала нават ідэю Бога. Апостальскі нунцый падкрэсліў, што з гэтага месца музыка ў выкананні сімфанічнага хору, у якім не мае значэння розніца канфесійнай прыналежнасці, узносіцца ў неба. «Сімфанічнай гармоніяй спеў узносіцца да Бога, які радуецца, слухаючы яго, і шчодра рассыпае сваё благаслаўленне над ціхай і ветлай Беларуссю, над яе жытнёвымі нівамі, над сучаснасцю і будучыняй гэтай краіны, над зычлівым і ветлівым беларускім народам, як пісала паэтэса Наталля Арсеннева, верш якой лёг у аснову гімна „Магутны Божа“ і ад якога атрымаў назву гэты фестываль», — адзначыў іерарх. Напрыканцы нунцый падзякаваў арганізатарам за падрыхтоўку гэтага важнага мерапрыемства. Паводле Catholic.by Вярнуцца назад |