Парафія сьвятога Язэпа > Навіны > У Мінску адбыўся прыём у гонар папы Бэнэдыкта XVI

У Мінску адбыўся прыём у гонар папы Бэнэдыкта XVI


30.06.2012.
У Мінску адбыўся прыём у гонар папы Бэнэдыкта XVI29 чэрвеня 2012 г. у Мінску адбыўся прыём з нагоды 7-годдзя Пантыфікату і 85 гадоў з дня нараджэння Яго Святасці Бэнэдыкта XVI. Па запрашэнні Апостальскага нунцыя ў Беларусі арцыбіскупа Клаўдыё Гуджэроцці адзначыць гэту падзею сабраліся каталіцкія іерархі Беларусі, Апостальскі візітатар для грэка-католікаў у Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек, прадстаўнік Праваслаўнай Царквы, прадстаўнікі гарадской улады, дыпламатычных місій, Міністэрства Замежных спраў, ААН.

На прыёме прысутнічалі прадстаўнікі пасольстваў Францыі, Італіі, Германіі, Балгарыі, Сірыі, Ірака, Еўрапейскага Саюза, Турцыі, Румыніі, Ірана, Чэхіі, Ізраіля, Казахстана, Арменіі, Польшчы, Швейцарыі, Японіі, Малдовы, Палестыны, Літвы, Паўднёвай Афрыкі.

Падчас адкрыцця цырымоніі прагучалі гімны Ватыкана і Беларусі.

У Мінску адбыўся прыём у гонар папы Бэнэдыкта XVIУ Мінску адбыўся прыём у гонар папы Бэнэдыкта XVIУ Мінску адбыўся прыём у гонар папы Бэнэдыкта XVIАрцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці, звярнуўшыся да прысутных на беларускай мове, назваў беларускі народ моцнай нацыяй, якая можа станавіцца яшчэ мацнейшай дзякуючы «інтэрвенцыям звонку». А гэта, як адзначыў папа Бэнэдыкт XVI у 2008 годзе, «патрабуе пастаяннага і разумнага дыялога, заснаванага на сапраўднай салідарнасці, павазе да легітымных імкненняў, гістарычнай сітуацыі і адрознення ад іншых». Так, на думку арцыбіскупа Гуджэроцці, «любыя спробы размаўляць з беларускім народам на мове, якая не ўлічвае гістарычны вопыт гэтай краіны, будуць неэфектыўнымі», а роля Святога Пасаду «зводзіцца да намаганняў дазволіць адбыцца дыялогу, дыялогу ўнутры краіны і дыялогу на міжнароднай арэне».

Апостальскі нунцый выказаў надзею, «што беларускі шлях да свабоды і справядлівасці будзе працягвацца і будзе кіравацца маральна прымальнымі прыладамі сучаснай эканомікі, не забываючы пра сацыяльную падтрымку».

Арцыбіскуп Гуджэроцці выказаў таксама падзяку дзяржаўным уладам за намаганні, скіраваныя на падтрымку рэлігійнай свабоды ў Беларусі. «Святы Пасад, — дадаў прадстаўнік Папы, — спадзяецца, што гэты працэс будзе працягвацца і будзе ўзмоцнены новымі крокамі і ініцыятывамі».

Прадстаўнік Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі Мітрапаліта Філарэта протаіерэй Аляксандр Шымбалёў падкрэсліў, што Праваслаўная Царква ў Беларусі «вельмі цэніць добрыя адносіны з Касцёлам», бо гэта сумесная праца ідзе на карысць народа.

Намеснік Міністра замежных спраў Рэспублікі Беларусь Алена Купчына ў сваёй прамове адзначыла, што плённая дзейнасць Пантыфіка па распаўсюджванні справядлівасці ва ўсім свеце з’яўляецца найлепшым прыкладам служэння людзям. Паміж Святым Пасадам і Беларуссю, як адзначыла Алена Купчына склаліся добрыя сяброўскія адносіны, а Святы Пасад з’яўляецца для нашай краіны надзейным партнёрам. Намеснік Міністра замежных спраў выказала надзею на далейшае супрацоўніцтва ва ўсіх галінах.

Валянціна Грамыка, паводле Catholic.by

Вярнуцца назад