Парафія сьвятога Язэпа > Навіны > Пастырскі заклік духовай падрыхтоўкі да Візіту ў Беларусь Кардынала Тарчызіо Бэртонэ Дзяржаўнага Сакратара Яго Сьвятасьці Папы Бенядыкта XVI

Пастырскі заклік духовай падрыхтоўкі да Візіту ў Беларусь Кардынала Тарчызіо Бэртонэ Дзяржаўнага Сакратара Яго Сьвятасьці Папы Бенядыкта XVI


8.06.2008.
Пастырскі заклік духовай падрыхтоўкі да Візіту ў Беларусь Кардынала Тарчызіо Бэртонэ Дзяржаўнага Сакратара Яго Сьвятасьці Папы Бенядыкта XVI
1. Першапастыр Паўсюднай (Каталіцкай) Царквы Яго Сьвятасьць Папа Рымскі Бенядыкт XVI пасылае у нашую Богам любімую Бацькаўшчыну Беларусь свайго бліжэйшага Супрацоўніка – Дзяржаўнага Сакратара Сьвятой Сталіцы Кардынала Тарчызіо Бэртонэ. Ягоны афіцыйны візіт па запрашэньні Ураду Беларусі адбудзецца 18 – 22 чэрвеня 2008 г. і будзе складацца з двух частак: дзяржаўнай і рэлігійнай.
Хочам даверыць Высокадастойнага Госьця ды абедзьве часткі ягонага візіту ў Беларусь малітвам усіх вернікаў Беларускай Грэка-Каталіцкай Царквы, а таксама нашых сяброў на Радзіме і ў Замежжы.
Хочам маліцца, каб гэты візіт прынёс - у дзяржаўным плане - узбагачэньне адносінаў і супрацоўніцтва паміж Рэспублікай Беларусь і Сьвятой Сталіцай, а ў рэлігійны плане - паглыбленьне ў жыццьці вернікаў веры і надзеі, крыніцай якіх ёсьць Слова Божае, ды ўзмацненьне служэньня нашае Царквы дзеля духовага дабра Беларускага Народу, як гэта на працягу стагоддзяў рабіла Уніяцкая Царква на Беларускіх Землях.
Хочам маліцца разам з Валадаркай Беларусі Найсьвятой Багародзіцай Марыяй і ўсімі Сьвятымі Беларускай Зямлі, асабліва з Беларускімі Новамучанікамі ХХ стагоддзя.
Усіх вернікаў Беларускай Грэка-Каталіцкай Царквы заклікаем да асаблівай духовай падрыхтоўкі да Візіту ў Беларусь Кардынала Тарчызіо Бэртонэ, Дзяржсакратара Яго Святасьці Папы Бенядыкта XVI. У парафіях, парафіяльных супольнасьцях, сем’ях ды індывідуальна маліцеся словамі Акафісту Найсьвятой Багародзіцы, асабліва напрацягу 9 дзён (навэна) – пачынаючы ад бліжэйшага аўторка 10 чэрвеня.

2. Вернікі паасобных грэка-каталіцкіх парафіяў Беларусі, разам са сваімі душпастырамі, уключацца ў малітоўныя сустрэчы з Высокім Прадстаўніком Сьвятога Айца разам з нашымі братамі і сёстрамі рыма-каталікамі ў Пінску, Горадні і Мінску.
Асаблівы характар будзе мець Сустрэча Яго Эмінэнцыі Высокадастойнага Уладыкі Кардынала Тарчызіо з духавенствам і прадстаўнікамі грэка-каталіцкіх парафіяў Беларусі ў Мінску, у чацьвер 19-га чэрвеня 2008 г. Гэта будзе момант глыбокай духовай Сулучнасьці (Communio) Паўнаты нашае Царквы з Пасланцам Яго Сьвятасьці Бенядыкта XVI-га .
Таму хочам да гэтае Сустрэчы падрыхтавацца ўсе, уся Паўната нашае Каталіцкае Царквы візантыйскага абраду, тыя хто будзе прысутнічаць на Сустрэчы, як і тыя хто будуць у ёй удзельнічаць толькі духова.

Хай на дарозе гэтае духовае падрыхтоўкі спадарожнічае нам Найсьвятая Багародзіца ды шчодра блаславіць нас Хрыстос-Чалавекалюбец.

+Архімандрыт Сяргей Гаек
Апостальскі Візітатар

Мінск, 7 чэрвеня 2008 г.

Вярнуцца назад