Парафія сьвятога Язэпа > Казаньні і гаміліі > Свята Іконы Маці Божай Нястомнай Дапамогі – 27 чэрвеня

Свята Іконы Маці Божай Нястомнай Дапамогі – 27 чэрвеня


23.06.2012.
Ев. Яна 19:25-30

Дарагія браты і сестры!
1. У дзень свята, калі мы ў асаблівы спосаб шануем Маці Божую і яе заступніцтва ў цудатворнай старажытнай Іконе Нястомнай Дапамогі, прыгадваем, што Яна - наша нябесная маці. Сам Збаўца Ісус Хрыстос даручыў Ей апеку над усёй Царквой, калі паміраў на крыжы.
Як перадае Евангельле Яна (19:25-30), Ісус, убачыўшы Маці сваю і вучня, якога Ён любіў, кажа Маці сваей: Жанчына, вось сын Твой. У гэты момант Ісус у асаблівы спосаб аддаў пад апеку Багародзіцы ўсіх сваіх вучняў, усю сваю Царкву.

2. Св. Альфонс Лігуоры, настаўнік Царквы, напісаў шмат цудоўных рэчаў, праслаўляючы Дзеву Марыю. Ён кажа, што ніхто праўдзіва адданы Багародзіцы ня можа загінуць. Але каб быць сапраўдым шанавальнікам Маці Божай, па-першае, трэба мець добры намер змяніць свае жыццё і мець жаданне больш не абражаць Бога. Цудоўныя словы напісаў св. папа Рыгор да прынцэсы Мацільды: «Перастань грашыць, а я абяцаю, што Марыя з большаю гатовасцю, чым родная мама, прыйдзе да цябе з дапамогай».

3. Калі хтосьці апанаваны нейкаю дрэннай схільнасцю і не мае цвёрдай рашучасці адмовіцца ад граху, але ўсё ж такі жадае вызваліцца ад яго, хай просіць Найсвятую Дзеву Марыю, каб дапамагла яму разарваць пякельную сувязь. І хай ён, прынамсі, імкнецца пачаць абапірацца спакусам і пазбягаць магчымасці да граху. А гэтая добрая Валадарка на такую просьбу без сумневу працягне руку дапамогі і пацешыць яго.

4. Але маліцца да Дзевы Марыі трэба з поўным даверам, ні на хвіліну не сумняваючысь у Яе заступніцтве. Яна носіць імя Нястомнай Дапамогі не дарэмна, бо ніколі не стамляецца слухаць нашыя просьбы і маліцца за нас да свайго Сына. Таму, як кажа св. Альфонс, трэба часта на працягу дня аддаваць сябе пад апеку Маці Божай. Ей найбольш падабаецца, калі мы часта звяртаемся да Яе, каб Яна выпрасіла для нас Божыя дары.
“Шчаслівы чалавек, які мяне слухае, які з дня на дзень каля маіх дзвераў чувае” (Прыпов. 8:34), - кажа Царква ад ім’я Дзевы Марыі. Шчаслівы чалавек, які чувае каля дзвераў маей міласэрнасьці. Праз вялікае жаданне Найсвятой Дзевы Марыі дапамагаць нам у нашых запатрабаваннях Яна завецца Маці літасці. Такім чынам, найбольшая радасць, якую можам даць Прачыстай Дзеве, - гэта аддаваць сябе пад Яе апеку і прасіць Яе заступніцтва. Яна жадае дапамагаць нам, але жадае, каб мы маліліся да Яе.

Вярнуцца назад