
9 мая, калі адзначаецца Дзень перамогі, у Хатыні (мемарыял) адбылася паніхіда за ахвяр ваеннага ліхалецця з удзелам арцыбіскупа Кірыла Васіля, сакратара Кангрэгацыі па справах Усходніх Касцёлаў, католікаў заходняга і ўсходняга абрадаў, прадстаўнікоў улады.

Ватыканскі іерарх выказаў радасць, што наведвае Беларусь менавіта ў гэтыя дні, а таксама мае магчымасць памаліцца разам з беларускай супольнасцю за душы тых, хто загінуў у ваенныя часы. «Хатынь — гэта месца, дзе лепш можаш зразумець дух і душу, бо яно нагадвае пра смерць і боль. Але тут нараджаецца таксама надзея, бо ёсць яскравае ўсведамленне — дабро перамагло зло», — падкрэсліў арцыбіскуп Васіль, адзначыўшы, што надзея — рыса, якая адрознівае беларускі народ, які з надзеяй заўсёды ідзе наперад.

«У гэты велікодны час, калі ўзгадваем перамогу Езуса над пеклам, смерцю і грахом, мы ўзгадваем пакутнікаў (мы нават не можам сабе ўявіць усіх пакут гэтых людзей) і давяраем іх Міласэрнаму Богу. А Ён, можам быць упэўнены, пра іх не забудзе», — сцвердзіў іерарх.
Арцыбіскуп Кірыл Васіль заклікаў прысутных быць братамі адно для аднаго, пажадаў, каб наш час быў поўны міру, еднасці і пашаны да бліжняга.
Пасля паніхіды адбылася святая Імша, якую ўзначаліў кс. Уладзіслаў Завальнюк. Удзельнікі літургіі выпрошвалі Божую Міласэрнасць для ўсіх, хто загінуў, абараняючы Бацькаўшчыну.
Кс. Юрый Марціновіч, Catholic.by,
фота А. Шчыглінскай