Парафія сьвятога Язэпа > Навіны > Дні памяці і малітвы – пад апекай Багародзіцы

Дні памяці і малітвы – пад апекай Багародзіцы


7.05.2012.
Дні памяці і малітвы – пад апекай Багародзіцы7 траўня Царква святкуе дзень Іконы Маці Божай Жыровіцкай.

Ад моманту ўзнаўлення дзейнасці грэка-каталіцкай парафіі ў Івацэвічах Жыровіцкая Багародзіца стала Апякункай парафіі і гэты дзень святкуецца ў Івацэвічах як парафіяльнае свята.

7 траўня - гэта традыцыйны дзень святкаванняў перад цудатворнай Іконай Жыровіцкай-Рымскай, што ўшановаецца ў касцёле св. Андрэя ў Слоніме. Гэтая цудатворная копія Жыровіцкай Іконы была прывезена з Рыму як знак падзякі Рымкага народу за цуды Жыровіцкай Багародзіцы, якія яна явіла ў Рыме.
Напісаны на палатне, Рымскі спісак Іконы быў прывезены ў Жыровічы і на каранацыйных урачыстасцях Іконы Жыровіцкай у 1730 г. гэтая Жыровіцкая-Рымская Ікона была каранаваная папскімі каронамі.
Пілігрымы з Івацэвічаў і іншых грэка-каталіцкіх парафій штогод прыходзяць і прыяжджаюць ушанаваць гэтую Ікону.

У гэтым годзе 7 траўня пачнуцца Дні памяці мучаніцкага подзвігу вялікага ерарха – Апостальскага Экзарха Антона Неманцэвіча і ягонай паствы з тэрыторыі Палесся і Гродзеншчыны.

Багародзіца, якую заўсёды шанаваў Экзарх-Пакутнік будзе аб’ядноўваць два асноўных месцы малітвы: Слонім (у цяперашнім прадмесці якога Альбярціне пачаўся мучаніцкі подзвіг Экзарха) і Івацэвічы (на тэрыторыі Івацэвіцкага раёна знаходзіліся вёскі парафіі Бабровічы, жыхары якіх былі спаленыя нямецкімі фашыстамі).

У малітоўным успаміне ахвяраў нацысцкага рэжыму і ва ўшанаванні мучаніцкага подзвігу Экзарха Антона (езуіта) будзе браць удзел Прадстаўнік Святога Айца Высокадастойны Архібіскуп Кірыл (Васіль), Сакратар Кангрэгацыі Ўсходніх Цэркваў.

7 траўня ў 18:30 гадз. Архібіскуп Кірыл узначаліць Малебен у капліцы Грэка-каталіцкага цэнтру св. Язэпа ў Мінску (вул. Арджанікідзэ, д. 6)

Разам з Апостальскім Нунцыем у Беларусі Архібіскупам Клаўдыё Гуджэроцці ён узначаліць святочна-памінальную Боскую Літургію ў Івацэвічах (у мясцовым касцёле) – 8 траўня ў 18:00 гадз.

9 траўня ў 11:00 гадз. Высокадастойны Архібіскуп Кірыл прыме удзел у памінальнай малітве ў мемарыяльным комплексе Хатынь, дзе змешчаныя таблічкі з імёнамі спаленых грэка-каталіцкіх вёсак Палесся.

Протарэзбітар Яўген Усошын

Вярнуцца назад