Парафія сьвятога Язэпа > Навіны > Радаўніца ў Полацку

Радаўніца ў Полацку


25.04.2012.
Радаўніца ў ПолацкуНа Радаўніцу пасля Нядзелі Тамаша (па юліянскім календары) беларусы памінаюць памерлых продкаў і наведваюць могілкі. У гэты дзень Царква моліцца за ўсіх памерлых вернікаў у сваіх парафіяльных супольнасцях.

Полацкая грэка-каталіцкая парафія святамучаніка Язафата, пасля Боскай Літургіі і Ліцці за памерлых у парафіяльным храме Пачэснай Параскевы Полацкай, традыцыйна наведвае могілкі сваіх блізіх, сваякоў.

Асаблівым чынам у традыцыйныя дні памінання памерлых (Дзяды, Радаўніца) полацкія парафіяне моляцца за ўсіх ахвяраў войнаў, генацыду беларускага народу і пераследу ды нацысцкіх карніцкіх акцыяў ля памятных Крыжоў ў Бельчыцах (месца растрэлу НКУС савецкіх грамядзянаў) і ў Струнні, на месцы рэзідэнцыі ўніяцкіх мітрапалітаў.

24 красавіка 2012 г. пасля памінальнай Службы ў храме, душпастыр Полацкай парафіі а. Аляксандр Шаўцоў і вернікі, згодна з традыцыяй полацкай парафіі, адслужылі Ліццю за ахвяраў генацыду ў Бельчыцах і за памерлых ярархаў, святароў і вернікаў у Струнні.

Вечная ім памяць – Хрыстос уваскрос!

Вярнуцца назад