
У Вялікую Сераду - 4 красавіка 2012 г. у межах візіту ў Віцебскую дыяцэзію Апостальскі Нунцый у Беларусі Высокадастойны Архібіскуп Клаўдыё Гуджэроцці, па запрашэнні Апостальскага Візітатара для грэка-католікаў Беларусі архімандрыта Сяргея Гаека наведаў храм Уваскрасення Хрыстовага Грэка-каталіцкай Царквы ў Віцебску.

У сустрэчы Архібіскупа Нунцыя з віцебскімі грэка-католікамі прыняў удзел Упаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцяў Віцебскага аблвыканкама Сяргей Н. Фадзеенкаў, пробашч віцебскай грэка-каталіцкай парафіі протапрэзбітар Зміцер Грышан і грэка-каталіцкія семінарысты.

Падчас візіту Ўладыка Клаўдыё адзначыў, што бачыць моладзь, якая жадае служыць Госпаду і Яго Царкве.



«Грэка-каталіцкай Царкве патрэбны людзі, якія былі б сталымі ў сваёй прысутнасці ў храме. Дзякуй Богу, такая практыка ўжо ёсць, і яе нельга згубіць», — падкрэсліў Дастойны Іерарх і дадаў, што трэба клапаціцца аб тым, каб вернікі ўдзельнічалі ў сакрамантах, чулі Божае Слова і прымалі актыўны ўдзел у жыцці і развіцці Царквы.
«Паўсюдная Царква ганарыцца вернасцю Ўсходняе Царквы», — адзначыў Архібіскуп напрыканцы візіту і заахвоціў грэка-каталіцкіх вернікаў надалей верна захоўваць свае традыцыі.
Кс. Юрый Марціновіч
Фота кс. Юрыя Марціновіча, Сяргея Ганчарова