Парафія сьвятога Язэпа > Навіны > Аддайце Богу ўсё – што ясцё, што цешыць вас, чым валодаеце
Аддайце Богу ўсё – што ясцё, што цешыць вас, чым валодаеце1.04.2012. |
|
Разважаючы пра апошнія два прыказанні, я хачу звярнуць увагу на іх супольную рысу – яны гавораць пра матэрыяльныя рэчы. Царква праз гэтыя прыказанні хоча паказаць нам, што Бог прэтэндуе не толькі на духовую частку нашага жыцця, але і на нешта, што па традыцыі не прынята звязваць з рэлігіяй, – на матэрыяльнае. Гэтыя прыказанні гавораць нам: аддайце Богу ўсё – тое, што ясцё, тое, што цешыць вас, тое, чым валодаеце. Пасціць сёння модна. Выконваць прыказанне “Захоўваць усталяваныя пасты і ў часы пакуты ўстрымлівацца ад удзелу ў забавах” становіцца модным. Але давайце задумаемся, ці правільныя ў нас матывы захавання паста. Мне здаецца, каб сапраўды захаваць пост, трэба не мець да канца лагічнага матыву для гэтага. Адзіны прымальны матыў посту – гэта любоў да Бога. З любові людзі робяць нелагічныя справы – марнуюць час на тое, каб пабыць разам з любым чалавекам (хлопцам ці дзяўчынай, бацькам ці маці, дзіцём ці сябрам), марнуюць грошы на кветкі ці нязначныя падарункі. Ці не было б больш лагічна, каб нейкі хлопец падарыў сваёй нарачонай замест нетрывалых букетаў надзейны куханны камбайн? Аднак не думаю, што дзяўчына была б у захапленні ад такой замены... Падчас посту мы не адмаўляемся ад нечага дрэннага. Мяса ці забава – гэта не зло. Але мы паказваем, што дзеля Бога мы гатовыя адмовіцца да гэтых добрых рэчаў. Каму паказваем? У першую чаргу самім сабе. Сведчым перад сабою, што ў нашым жыцці ёсць Нехта, важнейшы за нас саміх. Сведчым, што мы здольныя адчуваць удзячнасць Богу за Яго Ахвяру. Сведчым сабе – што мы, а не нашыя звычкі валадараць нашым жыццём. Выключная важнасць чацвёртага прыказання ў тым, што яно яднае нас з самімі сабой. Пятае царкоўнае прыказанне “Клапаціцца пра матэрыяльныя патрэбы Царквы” я назваў бы найбольш складаным да ўспрыняцця сучасным светам. Большасць сучасных нападак на Царкву (прынамсі ў Беларусі), звязаныя з фінансавымі справамі. Часамі для гэтага ёсць слушныя прычыны – той ці іншы святар неразумна выкарыстоўвае сродкі, атрыманыя ад вернікаў, дазваляе сабе больш дабрабыту, чым яго парафіяне. Але вельмі часта Царкву абвінавачваюць проста з-за неразуменння яе сутнасці. Мы гаварылі пра тое, што шмат людзей, якія нават называюць сябе вернікамі, Царкву ўспрымаюць як нейкі іерархічны інстытут, у якім кіруе духавенства. Простых вернікаў не атаясамляюць з Царквой, а часамі нават ёй супрацьстаўляюць. Але гэта няправільна: Царква - гэта вернікі, святары, біскупы, Папа. Кожны з нас мае ў Царкве сваё пакліканне. Наш матэрыяльны клопат пра Царкву – гэта яшчэ адзін знак нашай духовай еднасці. Мы збіраем ахвяраванні, выконваем фізічныя працы, клапоцімся пра чысціню і дубраўпарадкаванне храма – бо гэта НАШАЯ Царква. Мы не аддаем свае потам і крывёй заробленыя грошы “нейкаму” святару – мы падтрымліваем НАШАГА святара, які НАМ служыць. А калі мы збіраем ахвяраванні для кагосці, хто далёка, – для місіянераў, на патрэбы Святога Айца, для хрысціянаў у Святой Зямлі – мы сведчым, што НАШАЯ Царква – гэта не толькі парафія ў Менску ці іншым горадзе Беларусі, а сапраўды Каталіцкая – Сусветная – Царква. І НАШЫЯ браты і сёстры жывуць у розных краінах, на розных кантынентах. Клапаціцца пра матэрыяльныя патрэбы надзвычай важна для Беларускай Грэка-Каталіцкай Царквы. Нас няшмат, цягам апошніх стагоддзяў нашая Царква перажыла цяжкія выпрабаванні. І сёння ў першую чаргу ад нашай ахвярнасці залежыць, ці будуць будавацца новыя храмы і душпастырскія цэнтры, выдавацца літаратура, весціся дабрачынная дзейнасць. І, гледзячы на нашую ўласную ахвярнасць, Госпад памножыць дабрадзеяў Грэка-Каталіцкай Царквы, каб яна магла годна выконваць місію асвячэння Беларускай зямлі. Сканчаючы гэтыя рэкалекцыі, я хачу, каб мы ўсвядомілі, што мы – ЦАРКВА, мы разам кіруемся да Бога. Царкоўныя прыказанні – гэта маякі, указальнікі, якія мы ставім сабе на гэтым шляху, каб лягчэй і зручней нам было дасягнуць МЭТУ. Амін. Вярнуцца назад |