Парафія сьвятога Язэпа > Казаньні і гаміліі > Казань на свята Уваходу Гасподняга ў Ерусалім

Казань на свята Уваходу Гасподняга ў Ерусалім


31.03.2012.
«І раней Ісус Хрыстос часта ўваходзіў у Ерусалім, але ніколі – з такою славаю. Чаму так? Таму што Сам Ён ня быў яшчэ настолькі вядомым і час цярпенняў Ягоных ня быў яшчэ настолькі блізкім. Ён жыў, не выдзяляючыся сярод іншых, людзей і збольшага прыхоўваў сябе: інакш бы Ягонае з’яўленне не было б такім дзіўным, а ў юдэях прабудзіла б яшчэ люцейшы гнеў. Мераю таго, як Ён шматкроць паказваў Сваю сілу і Крыж быў ўжо пры дзверах, – Ён ставаў вядомым усё больш і больш, і рабіў цуды з большым розгаласам, і чыніў усё, што магло б прабудзіць іхнюю веру».
Свяціцель Ян Залатавусны, Слова на Ўваход Гасподні ў Ерусалім.


Калі маленькае дзіця робіць першыя крокі ў сваім жыцьці, тады скаваны страхам і трымценнем ад перажывання дзеі, якая яшчэ нядаўна здавалася немагчымай, яно спрабуе раз-пораз ухапіцца за руку сваёй маці або бацькі, шукаючы ў іх надзейную апору для сваёй хады. Падобнае жаданне гэтымі днямі можам адчуць і мы, калі са страхам і трымценнем спрабуем наблізіцца да разумення таямніцы нашага збаўлення ў Хрысьце. Таму, як на духоўную апору, паспрабуем абаперціся сёння на словы святога Яна Залатавуснага, архібіскупа Канстантынопальскага.

Свяціцель Ян у сваім слове звяртае ўвагу на асаблівае значэнне падзей, што адбываюцца. Для Хрыста гэта першы ўрачысты ўваход у Ерусалім, але таксама і апошні перад Ягонымі цярпеннямі і крыжовай смерцю. Гэта адкрыта для Яго самога, але толькі, людзі якія добра ведаюць Хрыста могуць зразумець змест таго, што адбываецца. Тыя людзі, што нейкім чынам разумеюць логіку Ягонага жыцця, вераць у словы прарокаў якія прадвяшчалі ўваход Месіі ў Святое Места, седзячага на асляці, што было знакам міру. Або таксама, людзі са шчырым, адкрытым сэрцам, як, напрыклад, тыя дзеці, што крычалі Госпаду «Гасанна» (Мц 21,15), або жанчына, якая памазала ягоную галаву алеем на вачах у нічога не разумеючых вучняў (Мц 26,7).

І перад тым напрацягу некалькіх гадоў адкрытай пропаведзі Хрыста, мы не можам напэўна успомніць ніводнага «няважнага» моманту. Ўсё, што рабіў і казаў Хрыстос, было споўнена глыбокага зместу і Божай моцы. Але сёння Хрыстос рыхтуецца адкрыць людзям яшчэ глыбейшы змест Свайго жыцця. Тыя, што звыклі бачыць Ягоную сілу, зараз пабачаць Яго ў бяссіллі. Тыя, што звыклі бачыць Яго гаючым іхнія хваробы, зараз пабачаць Ягонае ўласнае цела, споўненае пабоямі і ранамі. Тыя, што звыклі да таго, што Ён насычаў іх нябесным хлебам, зараз пабачаць, як Ён сам пакаштуе воцат, змешаны з жоўцяй.
Гэта гучыць дзіўна, але Ён прыходзіць у Ерусалім, каб тут памерці, у Ягонай смерці схаваны галоўны змест жыцця Хрыста. Бо Ён ведае вартасць Сваёй смерці, ведае для чаго Ён прыймае яе. І так як жыцьцё Хрыста было споўнена Божага зместу, так падобна ім споўнена і Гасподняя смерць. Тая смерць, праз якую нам даравана збаўленне. Тая смерць, якая не зможа ўтрымаць у сваім чэраве Уладара жыцця. Тая смерць, улада якой будзе скасавана Ягоным Уваскрасеннем на трэці дзень.

І вось у чарговы раз перад намі паўстае асоба Хрыста, які, можа, з іншай інтэнсіўнасцю, але перажывае ўсё тое, што перажывае ў сваім жыцці кожны чалавек. І ад таго, наколькі мы паспрабуем наблізіцца да разумення Ягонага жыцця, залежыць таксама наколькі мы зразумеем сваё уласнае жыцце. Таксама як і тады, сёння Госпад праз Сваё Цела – Царкву даруе нам усё патрэбнае, каб абудзіць нашу заспалую веру.

Няхай Хрыстовыя цярпенні, якія мы неўзабаве будзем перажываць, стануцца для нас нібыта новай хроснай купеллю і, перайшоўшы праз яе, мы ачысцімся і абмыемся ад жыццёвай марноты і бруду нашых грахоў, каб у міры і радасці сустрэць светлае Хрыстовае Ўваскрасенне.

Амін.

Вярнуцца назад