Парафія сьвятога Язэпа > Навіны > 1 красавіка 2017 г. - СУБОТА АКАФІСТУ

1 красавіка 2017 г. - СУБОТА АКАФІСТУ


28.03.2017.
1 красавіка 2017 г. - СУБОТА АКАФІСТУГімн “Акафіст” у гонар Багородзіцы

Гімн “Акафіст” у гонар Багородзіцы, сапраўдная перла патрыстычнай Багародзічнай паэзіі, які не без падставы называецца “напрыгажэйшым і настарэйшым гімнам усёй хрысціянскай літаратуры”. Ён на працягу стагоддзяў ажыўляў і фармаваў Багародзічную пабожнасць хрысціян візантыйскага Ўсходу.

Народжаны хутчэй у сэрцы Царквы, чым у розумах навукоўцаў, ён на самай справе не мае сваёй назвы. Імя яму дала Царква. Яна назвала яго проста “Акафіст” (па-грэцку akáthistos), што азначае “гімн, які спяваецца стоячы”, на знак пашаны да Ўцелаўлёнага Слова і ўдзячнасці Ягонай Маці Найсвятой Дзеве.

Ягонае паходжанне на самай справе застаецца невысветленым. Традыцыя прыпісвае стварэнне Акафіста святому Раману Міласпеўцы (гр. Melodos). Зрэшты, сёння думкі навукоўцаў на гэтую тэму падзяліліся. Але якім бы не было паходжанне Акафіста, ён на сённяшні дзень з’яўляецца ўласнасцю ўсёй Царквы і сведкам цягам стагоддзяў жывой Багародзічнай пабожнасці хрысціянскага народу.

Гімн, верагодна складзены з нагоды святы Дабравешчання, набыў асаблівую папулярнасць у народнай пабожнасці пасля цудоўнай абароны Канстантынопаля ад Аварцаў у 626 г., якую прыпісваюць заступніцтву Багародзіцы. (Тады ж да ўжо існуючага гімну дадаўся ўступны кандак [1], які мае характар прысвячэння, а сам Акафіст стаў неафіцыйным падзячным гімнам візантыйскай Царквы).

На згадку гэтай падзеі быў усталяваны адмысловы дзень урачыстага служэння Акафіста. Гэтая ўрачыстасць святкавалася найперш 8 жніўня (угодкі абароны), потым 25 сакавіка, і нарэшце (ад VIII/IX ст.) у пятую суботу Вялікага Посту.

У гэты дзень урачыста яго служаць хрысціяне ўсходняй візантыйскай традыцыі. Такім чынам ён мае вельмі цесную сувязь са святам Дабравешчання, якое найчасцей прыпадае ў час Вялікага Посту.

(Паводле грэцкай практыкі, у першыя чатыры суботу Вялікага Посту падчас Малай Павячэрніцы служацца па адной частцы Акафіста, а ў пятую суботу – увесь гімн).

Падзячны характар ды вялікая папулярнасць Акафіста сярод вернікаў паспрыяла стварэнню ў візантыйска-славянскім асяроддзі акрамя Акафіста ў гонар Багародзіцы (які часта называюць “Акафістам Дабравешчанню”) шматлікіх новых, падобных Акафістаў у гонар Збаўцы, Багародзіцы, святых.

Багародзічны Акафіст, які служыцца зараз пры розных нагодах на працягу году, стаўся для хрысціян візантыйскай традыцыі крыніцай заўсёды жывога багаслоўя таямніцы Ўцелаўлення і веры ў нябеснае заступніцтва Маці Ўцелаўлёнага Слова.

***

На Захад Акафіст патрапіў праз паўднёвую Італію і Рым каля VIII стагоддзя. Перакладзены каля 800 г. у Венецыі на лаціну, Акафіст моцна паўплываў на лацінскую сярэднявечную марыйную паэзію, уключна са стварэннем марыйнай Літаніі. Пераклады Акафіста на іншыя мовы дазволі зрабіць яго паўсюдна вядомым.

Апошнія дзесяцігоддзя прынеслі на Захад новае адкрыццё Акафіста і не толькі сярод даследчыкоў, але і ў шырокіх колах вернікаў. У ім адкрываецца высакародная літургічная паэзія, здольная выказваць і адпаведна выхоўваць малітоўныя пачуцці звычайнага чалавека ў адносінах да Хрыста і Ягонае Маці-Дзевы.

У Італіі, Францыі, Іспаніі, Польшчы, Злучаных Штатах і многіх іншых краінах Акафіст стаў улюбёнай і частай марыйнай малітвай, якую прамаўляюць як асабіста, так і ў розных супольнасцях і групах.

Вярнуцца назад