Парафія сьвятога Язэпа > Навіны > 70 год пакутніцкага подзвігу Экзарха Антона і ягонай паствы

70 год пакутніцкага подзвігу Экзарха Антона і ягонай паствы


18.03.2012.
70 год пакутніцкага подзвігу Экзарха Антона і ягонай паствыУ італійскім горадзе Бары ўзгадалі Экзарха Антона, ягонае служэнне і мучаніцтва

На працягу бягучага 2012 г. Беларуская Грэка-Каталіцкая Царква ўзгадвае пакутніцкі подзвіг Экзарха Антона Неманцэвіча S.J. і ягонай паствы ў Беларусі – 70 год ад арышту Экзарха Гестапам і нацысцкіх карных акцый над насельніцтвам Палесся і Слонімшчыны (Брэсцкая і Гродзенская вобласці), якія адбыліся ў 1942 г.

Гэтая “Анамнэза”, душпастырская, літургічная і культурная, пачалася 6 студзеня 2012 г. і будзе мець розныя этапы, таксама і на міжнародным узроўні.

У нядзелю 18 сакавіка 2012 памяць Экзарха ўшаноўвалі ў італійскім горадзе Бары.

Па запрашэнні праф. Матэа Калізі, Старшыні Цэнтра Студый Дыялогу і Прымірэння ў Бары, Апостальскі Візітатар БГКЦ Архім. Сяргей (Гаек) наведаў Бары і там выступіў з канферэнцыяй пра постаць Экзарха Антона Неманцэвіча, ягонае служэнне і пакутніцкі шлях Яго і ягонай паствы.

Пасля канферэнцыі была адслужана Святая Літургія, якую ўзначаліў Айцец Карла Колонна S.J., духоўны апякун супольнасці “Comunita’ di Gesu’’ у Бары і ў Гравіне ў Пуллі.
Падчас Святой Літургіі ўдзельнікі ў асаблівы спосаб маліліся за Беларусь.

З Дырэктарам Цэнтра Студый Дыялогу і Прымірэння докт. Антоніо Калізі гаварылася пра працяг супольных студый над багаслоўскай спадчынай Экзарха, асабліва над ягонай доктарскай працай, напісанай на лаціне ў Рыме ў 1927 годзе.

У сваёй шматграннай багаслоўскай і душпастырскай дзейнасці Цэнтр Студый Дыялогу і Прымірэння, звязаны з супольнасцю “Comunita’ di Gesu’”, мае асаблівае зацікаўленне ў даследванні працы вялікіх прыхільнікаў міжканфесійнага дыялогу і мучаніцтва.

“Мучаніцтва многіх пастыраў і вернікаў Цэркваў Усходняй Еўропы, Праваслаўных, Грэка-Каталіцкіх і Рыма-Каталіцкіх, таксама і сёння застаецца каштоўнай духоўнай спадчынай для ўсёй Еўропы”, – сказаў Старшыня Цэнтра Студый праф. Матэа Калізі.

Вярнуцца назад