Парафія сьвятога Язэпа > Казаньні і гаміліі > Чацвёртая нядзеля Вялікага посту

Чацвёртая нядзеля Вялікага посту


17.03.2012.
Нараджэнне да новага жыцця ў святым Хросце лучыць нас з ахвярай Хрыста.
Габ 6:13-20; Mк 9:17-31

Літургія Чацвёртай нядзелі Вялікага посту ў чытанні Апостала (Габ 6:13-20) раскрывае перад намі Хрыста як Першасвятара, падмурак нашай надзеі.
А Евангельскі ўрывак (Mк 9:17-31) гаворыць пра перамогу нячыстых сілаў Госпадам Ісусам Хрыстом і скіроўвае нас да Ягоных слоў, якія запавядаюць крыжовую смерць і ўваскрасенне (Mк 9:31).

1. Хрыстос стаўся Першасвятаром, таму што прынёс ахвяру на крыжы. Каштоўнасць гэтай ахвяры мы раскрываем усцяж свайго хрысціянскага жыцця. Бо яна мае адносіны да усіх і да кожнага з нас. З Хрыстовага прабітага на крыжы боку мы нарожданыя як Царква, a ў ёй народжаны духоўна кожны з нас.
Нашае нараджэнне да новага жыцця, якое даканалася ў святым Хросце, у неразрыўны спосаб лучыць нас з гэтай ахвярай Хрыста. А калі лучыць неразрыўна, то і прыводзіць нас да жыцця, злучанага з гэтай ахвярай.

2. Як Хрыстос у евангельскім чытанні тлумачыць апосталам, что яны не маглі выгнаць нячыстага духа без посту і малітвы, так ахвяра Хрыста павінна нас спанукаць да вернасці Хрысту ў дзеянні. Мы не можам быць хрысціянамі “у расслабленні”.
Вернасць Хрысту нам паказвае дарогу, а Ягоная ахвяра нас судзіць. Ці не аддаем мы таго багацця новага жыцця, за якое праліў кроў Хрыстос, за бесцань, не марнуем яго?

3. Ахвяра Хрыста вызваляе нас. Вызваляе ад ідэяў пустых і меркантыльных, ад розных залежнасцяў, ад меркаванняў модных, бо ў яе святле бачыцца іхняя нікчэмнасць. Бо Хрыстос на крыжы паказаў цану гэтым меркаванням.
Ахвяра Хрыста вызваляе нас ад улады прымусу, бо ніякі прымус не ў стане знішчыць вольнае сумленне, прасветленае Хрыстом. Бо і Хрыста не змусілі гвалтам адступіць.

4. Ахвяра Хрыста асвячае наш шлях. Мудрацы жыццёвыя, якія хацелі, каб адзін памёр за народ, не змаглі пагасіць спрадвечную Мудрасць. І святло з крыжа адкрыла вочы не аднаму чалавеку на сапраўдную мудрасць.
У бліжэйшыя тыдні Вялікага посту будзем праз малітву і пост шукаць сваёй еднасці з Хрыстом, еднасці, якую маем праз Ягоную крыжовую ахвяру.

Вярнуцца назад