Парафія сьвятога Язэпа > Навіны > Завяршэнне Акцыі “Св. Мікалай ідзе да дзяцей”
Завяршэнне Акцыі “Св. Мікалай ідзе да дзяцей”16.02.2012. |
|
Згодна з ідэяй акцыі, кожны жадаючы ў перыяд святаў Божага Нараджэння мог на нейкі час стацца Святым Мікалаем і падрыхтаваць падарунак для пэўнага дзіцяці з дзіцячага дома альбо з небагатай сям’і. Сабраныя з акцыі падарункі валанцёры раздавалі дзецям падчас калядных пастановак у дзіцячых інтэрнатах і прытулках. Таксама, падарункі патрапілі да бедных і патрабуючых сем’яў і да асобаў з абмежаванымі магчымасцямі. У выніку радасць атрымалі каля 350 чалавек з розных куткоў Беларусі. Не менш важным вынікам стала тое, што падарункі булі сабраныя, менавіта, нашымі беларускімі вернікамі, якія шчыра хацелі падзяліцца часцінкай сваёй хрысціянскай любові і запаліць маленькі вагенчык радасці ў дзіцячых вачах. Мы маем вялікі ўласны патэнцыял добрых людзей, які ёсць, таксама, блаславеннем для ўсёй нашай краіны. Асабліва хацелася б падзякаваць усім валанцёрам, якія знайшлі час і сілы, каб арганізаваць вечары, музычныя і тэатральныя выступы ў дзіцячых дамах і пайсці туды з радасцю Хрыстовага Нараджэння; пайсці да дзяцей і паказаць ім Бога. Бога – які ёсць Любоў. Валанцёры ёсць вялікім дарам нашай Царквы, а таксама прыкладам практычнай рэалізацыі Хрыстовай навукі. Хрысціянскае валанцёрства, у той ці іншай меры, гэта заданне для кожнага верніка, так як вера ў Ісуса Хрыста не можа быць тэарэтычнай, але заўсёды шукае канкрэтных і практычных крокаў. З іншага боку валанцёрства ёсць, таксама, крокам хрысціянскай адказнасці, бо за добрыя ўчынкі, асабліва зробленыя для найбольш патрабуючых, Бог бласлаўляе не толькі самога чалавека, але і ўвесь яго род. Хацелася б шчыра падзякаваць і ўсім святарам, якія спрычыніліся да правядзення Акцыі на сваіх парафіях, якія пільна чувалі над яе паспяховым правядзеннем. Асноўныя этапы рэалізацыі Акцыі можна пабачыць на сайце Хрысціянскага валанцёрскага Руху св. Мікалая: valancer.by а. Аляксандр Шыбека Вярнуцца назад |