Парафія сьвятога Язэпа > Казаньні і гаміліі > Казанне на свята Абрэзання Гасподняга (Новы Год)

Казанне на свята Абрэзання Гасподняга (Новы Год)


30.12.2011.
Узрастаць і ўмацоўвацца духам.

Дарагія браты і сёстры!

1.У Дзень 1-га студзеня – Новы грамадзянскі год, Царква адзначае Свята Абрэзання Гасподняга.
Евангельскае чытанне (Лк 2:20-21, 40-52) адносіць нас, як да перыяду жыцця Ісуса, звязанага з Ягоным Нараджэннем, так і да перыяду нашмат пазнейшага. На другую частку сённяшняга Евангельскага чытання (Лк 2:40 наст.) я хацеў бы звярнуць асаблівую ўвагу.

Гэтыя вершы адкрываюць нам праўду, што Госпад Ісус быў сапраўдным чалавекам, гэтак жа як і сапраўдным Богам. Мы чытаем, што, калі Дзева Марыя і Язэп вярнуліся ў свой родны горад Назарэт, “немаўля ж узрастала і ўмацоўвалася духам”.
Гэтыя словы паказваюць нам сутнасць сямейнага жыцця, а менавіта “узрастаць і ўмацоўвацца духам”. Сужонства і сям’я – гэта месца ўзрастання і ўдасканалення. Таму нам так неабходна звярнуць увагу на гэты таямнічы і амаль неадлюстраваны на старонках Евангелляў перыяд жыцця Ісуса Хрыста ў сям’і Язэпа і Дзевы Марыі.
У супольным жыцці сужонкі, дзякуючы адзін аднаму, раскрываюць новыя асабістыя вымярэнні. Сужонкі дазваляюць і дапамагаюць адзін аднаму быць кімсьці большым. У нейкім сэнсе супольна ствараюць адзін аднаго, можна сказаць выхоўваюць адзін аднаго. Памятаючы аб гэтым вымярэнні супольнага жыцця, можам сабе толькі ўявіць, колькі ўсяго яднала Дзеву Марыю і Язэпа, шмат у чым, як асобы, яны былі ўдзячны адзін аднаму. Таму можам сказаць, што без Язэпа не было б Марыі і Ісуса, якіх мы ведаем з Евангелляў, і наадварот. Сям’я з’яўляецца сістэмай пасудзінаў, узаемна паяднаных, таму дзіця так шмат “наследуе” ад бацькоў. Калі б мы пад гэтым кутом прыглядзеліся да Ісуса, то аналізуючы ягоныя зносіны і ўчынкі, маглі б вельмі шмат добрага сказаць пра ягонага зямнога айца – Язэпа і пра Дзеву Марыю як жанчыну і маці. Па тым, хто быў Ісус, бачна, якая была ягоная сям’я. Ісус быў мужны, адважны, поўны Духа, але адначасна незвычайна далікатны ў адносінах да жанчын.

2. Паводзіны Язэпа і Дзевы Марыі, апісаныя ў другой частцы сённяшняга Евангельскага чытання, могуць шмат чаму нас навучыць. Мы пазнаем, што "кожны год бацькі Яго хадзілі ў Ерусалім на свята Пасхі". Яны рэгулярна выконвалі разам дадзеныя Богам наказы. Ерусалім знаходзіўся далёка ад Назарэта. Пакінуць гаспадарку на дзесяць дзён або на два тыдні было складана. Але Бог даў Ізраілю запавет, а Язэп і Марыя цалкам падпарадкаваліся яму. Яны ішлі разам у Ерусалім на Пасху і ўсё астатняе рабілі разам. Тое ж самае павінна быць у кожнай хрысціянскай сям'і. Муж і жонка павінны дапамагаць адзін аднаму расці духоўна і служыць Богу.
Шлюб – гэта сувязь, якая аказвае самы вялікі ўплыў на тых, што яго заключылі. Ён дапамагае або падняцца, або прыводзіць да падзенняў. Ён вядзе альбо бліжэй да нябёсаў, або бліжэй да пекла. Асяроддзе, у якім мы знаходзімся, моцна ўплывае на нас. Мы непазбежна пераймаем рысы характару тых, з кім праводзім час. Узаемаадносіны мужа і жонкі – яркі таму прыклад. Яны ўвесь час аказваюць або дабрадзейны, або згубны ўплыў адзін на аднаго. Хай кожны, хто жыве ў шлюбе або збіраецца ўступіць у яго, добра задумаецца над гэтым.
У сямейным жыцці вельмі важна следаваць прыкладу Язэпа і Марыі. Трэба разам маліцца і чытаць Слова Божае, разам хадзіць у храм, размаўляць адзін з адным аб духоўным. Але самае галоўнае: муж і жонка не павінны перашкаджаць адзін аднаму ісці да святасці. Блаславёныя тыя мужы, якія кажуць сваім жонкам тое ж, што казаў Элкана Ганне: "Рабі, што табе заўгодна". Шчаслівыя тыя жонкі, якія кажуць сваім мужам тое ж, што Лія і Рахіль казалі Якаву: "...рабі ўсё, што Бог сказаў табе" (1 Цар 1:23; Быц 31:16).

3. З гэтага ўрыўка і маладыя людзі таксама павінны вынесці для сябе ўрок. Тут апісваецца, як Госпад Ісус Хрыстос, быўшы дванаццацігадовым хлопчыкам, паводзіў сябе, застаўшыся без бацькоў у Ерусаліме. Ісус Хрыстос не марнаваў час дарма: ён не шкоднічаў, як гэта любяць рабіць дванаццацігадовыя падлеткі, і не забаўляўся ў дрэннай кампаніі, а знаходзіўся ў храме. Самыя маленькія члены хрысціянскіх сем'яў павінны браць прыклад з Ісуса Хрыста. Яны павінны добра паводзіць сябе не толькі ў прысутнасці бацькоў. Яны павінны мець зносіны з разважлівымі аднагодкамі і выкарыстаць любую магчымасць, каб набыць духоўнае веданне. Хай задумаюцца над гэтым і возьмуць прыклад з дванаццацігадовага Ісуса. Ім варта запомніць: калі яны ўжо навучыліся рабіць злое, значыць, яны могуць навучыцца паступаць правільна. Калі яны могуць чытаць кніжкі і размаўляць, значыць, яны могуць чытаць Біблію, маліцца і хадзіць у царкву. Хай яны памятаюць, што нясуць адказнасць перад Богам, нягледзячы на тое, што яны яшчэ дзеці.
Па-сапраўднаму шчаслівымі могуць быць толькі тыя сем'і, дзе дзеці шукаюць Госпада і не прымушаюць плакаць сваіх бацькоў. Шчаслівыя павінны быць і тыя бацькі, якія могуць сказаць аб сваіх дзецях, пакінутых без нагляду: “Я цалкам давяраю ім, яны ніколі наўмысна не здзейсняць граху”.

4. І нарэшце з гэтага ўрыўка можа вынеці карысны ўрок кожны праўдзівы хрысціянін. Тут запісаныя важныя словы Ісуса, якія Ён вымавіў у адказ на пытанне сваёй Маці, Дзевы Марыі. “Дзіця! што Ты зрабіў з намі?” – “Навошта было вам шукаць Мяне? Або вы не ведалі, што Мне павінна быць у тым, што належыць Айцу майму?”
Ісус жадаў нагадаць сваёй Маці, што Ён – незвычайны чалавек і што прыйшоў на зямлю не проста так. Гэтыя словы нагадалі Ёй, што Ісус – Бог і што ў Яго ёсць Айцец на нябёсах, таму ў першую чаргу Ён павінен выконваць даручэнні Свайго нябеснага Айца.

Як бы то ні было, яны зноў былі разам і маглі вярнуцца ў Назарэт. Маральную дасканаласць Ісуса відаць у словах "і быў у падпарадкаванні ў іх". Хоць Ён быў Творцам сусвету, Ён усё ж заняў сваё месца, як паслухмянае дзіця, у гэтай сціплай габрэйскай сям'і.

Прыклад Святой Сям’і вучыць нас мастацтву жыцця ў Богу, Дарогай да Якога ёсць Хрыстос. Амін.

Вярнуцца назад