Парафія сьвятога Язэпа > Навіны > МАЛАДЗЕЧНА, 20-ГАДОВЫ ЮБІЛЕЙ

МАЛАДЗЕЧНА, 20-ГАДОВЫ ЮБІЛЕЙ


26.12.2011.
МАЛАДЗЕЧНА, 20-ГАДОВЫ ЮБІЛЕЙГрэка-каталіцкая парафія адзначае 20 год аднаўлення адкрытай душпастырскай дзейнасці.

25 снежня 2011, у першы дзень Свята Раства Хрыстовага, Боскую Літургію ў парафіяльным храме Хрыста Чалавекалюбцы ў Маладзечне адслужыў Апостальскі Візітатар БГКЦ Архімандрыт Сяргей (Гаек). Пасля Літургіі Архімандрыт раздзяліў святочную прасфору з парафіянамі. Гэта была служба падзякі Богу за 20-годдзе аднаўлення душпастырскай дзейнасці Маладзечанскай грэка-каталіцкай парафіі.

У рамках падрыхтоўкі да Юбілею ў нядзелю - 18 снежня 2011 г. адбылася перадкалядная сустрэча-катэхеза дзяцей і бацькоў, да якіх завітаў святы Мікалай. Сустрэчу правёў парафіяльны душпастыр а. Алесь Шыбека.

*****

МАЛАДЗЕЧНА, 20-ГАДОВЫ ЮБІЛЕЙМАЛАДЗЕЧНА, 20-ГАДОВЫ ЮБІЛЕЙМАЛАДЗЕЧНА, 20-ГАДОВЫ ЮБІЛЕЙМАЛАДЗЕЧНА, 20-ГАДОВЫ ЮБІЛЕЙМАЛАДЗЕЧНА, 20-ГАДОВЫ ЮБІЛЕЙДатай аднаўлення адкрытай (непадпольнай) душпастырскай дзейнасці грэка-каталіцкай парафіі ў Маладзечне лічыцца 25 снежня 1991 г. У газеце Маладзечанскага гарадскога савета народных дэпутатаў “Наш Дзень” № 75 (ад 24 снежня 1991 г.) быў змешчаны анонс:

“Да увагі Маладзечанцаў. Запрашаем на маленне ў гонар Ражства Хрыстовага, якое адбудзецца каля капліцы па вул. А. Пушкіна 25 снежня а 13 гадзіне. Грэка-каталіцкая (уніяцкая) суполка”.

Адзін з удзельнікаў гэтай першай службы (яшчэ не Літургіі толькі Абедніцы) узгадвае:

“Служыў абедніцу  тады яшчэ дыякан Андрэй Абламейка ля капліцы на зруйнаваных могілках. З таго часу пачаліся больш-менш рэгулярныя службы, якія адпраўляў (ад 9 лютага 1992) а.Ян Матусевіч. Так што сёлета нам спаўняецца 20 год”.

Пра аднаўленне адкрытай душпастырскай дзейнасці ў Маладзечне ўспамінае а. Андрэй Абламейка:

“20 гадоў таму, ў 1991 годзе, мы жылі яшчэ ў Савецкім Саюзе і “афіцыйна” Грэка-Каталіцкай Царквы ў БССР не было, але гэта не азначае, што не было грэка-каталікоў, ці ніхто не думаў пра аднаўленне душпастырскай дзейнасці нашай Царквы. Наадварот, праз усе часы забароны, ад гвалтоўнага зьнішчэньня і праз гады фальшавання гісторыі, былі людзі, якія ведалі Праўду і рабілі тое што маглі, кожны на сваім мейсцы. 

Прышоў час і гэтая самаахвярная праца, вернасць Праўдзе і нязломнасць прынеслі свой плод. З “перабудовай” і “галоснасьцю” маладыя людзі, якія шукалі праўду пра сябе, якія шукалі сваю тоеснасць, маглі адкрыта гаварыць пра нашую гісторыю і Грэка-Каталіцкую Царкву. У тыя гады шмат моладзі і старэйшай інтэлігенцыі прынялі ідэю Уніі, як асаблівы шлях разьвіцця Беларускага народа. 

Дакладна 25 снежня 1991 г., калі мы маліліся у Маладзечне, распаўся Савецкі Саюз”.

Вярнуцца назад