
Свята Раства Хрыстовага – таямнічае і вельмі цёплае свята, нягледзячы на снежаньскія халады і сцюжу. Асабліва любяць гэтае свята дзеці.
25 снежня 2011 г., у першы дзень Раства Хрыстовага, у нашым душпастырскім Цэнтры св. Язэпа ў Мінску адбылася святочная праграма для дзяцей з парафіі Праведнага Язэпа і парафіі св. Мікалая.

Пасля святочнай Боскай Літургіі дзеці і моладзь сабраліся, каб паглядзець інсцэнізаваную батлейку “Стаська выкрадае Дзіцятка Ісуса”, а таксама паспяваць калядкі і атрымаць доўгачаканыя падарункі.

Асаблівую радасць на свята прынеслі з сабой людзі з абмежаваннямі псіха-фізычнага развіцця з мясцовага тэрытарыяльнага цэнтру, якія далучыліся да парафіяльнага святкавання.

Ісус Хрыстос, які мог выбраць для свайго нараджэння царскія палаты, цёплыя пакоі і камфортныя ўмовы, усё ж такі выбраў бедную стайню, холад і небяспеку. Для чаго? Можа каб кожны ўбогі і церпячы мог адчуць сябе не самотным? А можа, таксама, каб паказаць сваім паслядоўнікам шлях да Валадарства Божага? Тым не меньш, Раство - таямнічае і цёплае свята, якое атуляе ўсіх, а асабліва тых, хто гэтага цяпла вельмі патрабуе.

Удзел у Свяце людзей з асаблівасцямі псіха-фізычнага развіцця стаў магчымы дзякуючы ахвяраванням ўсіх тых, хто далучыўся да дабрачыннай акцыі “Святы Мікалай ідзе да дзяцей”.
*****
Хочам нагадаць, што ў Мінску галоўны этап рэалізацыі акцыі Акцыі будзе адбывацца ў студзені 2012 г., калі валанцёры пойдуць з праграмай і падарункамі ў мясцовыя дзіцячыя інтэрнаты і прытулкі. Усіх, хто хацеў бы далучыцца да Акцыі ў якасці валанцёра – сардэчна запрашаем!
Больш інфармацыі і кантакты можна знайсці на сайце Хрысціянскага валанцёрскага Руху св. Мікалая: www.valancer.by