Парафія сьвятога Язэпа > Навіны > Пастырскае Слова
Пастырскае Слова24.12.2011. |
|
Апостальскага Візітатара для грэка-католікаў Беларусі на сьвята Раства Хрыстовага 2011 году і на Новы 2012 Год Гасподні Вялебныя Айцы Сьвятаслужыцелі! Дарагія Манахі, Манахіні і Браты Семінарысты! Любыя ў Госпадзе Браты і Сёстры! Паважаныя Сябры! Вось Бог наш, і няма іншага роўнага Яму. Ён нарадзіўся ад Дзевы і жыў сярод людзей. (Служба Раства Хрыстовага, Трэцяя гадзіна). 1. Таямніца Ўцелаўленьня Сына Божага прасьвятляе Віфлеемскім сьвятлом усё чалавецтва. У гэты час сьвятаў Раства Хрыстовага ў нашых храмах ды ў шматлікіх сем’ях прымаем “Віфлеемскі агонь”. Чарговы раз – дзякуючы скаўтам – мы ў Беларусі атрымалі гэты агонь ад хрысьціянаў Віфлеема. Гэта знак духоўнай Сулучнасьці хрысьціянаў Беларусі з хрысьціянамі Сьвятой Зямлі, аб якіх хочам асабліва памятаць у нашых малітвах у гэты сьвяточны час. Віфлеемскі агонь сімвалізуе Сьвятло Віфлеемскай ночы, якое перамагае цемру духоўнага невуцтва ды разгубленасьці і дапамагае нам сузіраць Нованароджанага Сына Божага - Спрадвечнае Слова, што сталася целам і пасялілася паміж намі (пар. Ян 1,14 ). Віфлеемскі агонь – сімвал полымя веры, надзеі ды любові, што маюць карані ў Таямніцы Ўцелаўленьня Ісуса Хрыста. У гэтым кантэксьце хочам узгадаць архіпастырскія словы новага Апостальскага Нунцыя ў Беларусі, Высокадастойнага Архібіскупа Клаўдыё Гуджэроцці, якія ён накіраваў да вернікаў мінскіх грэка-каталіцкіх парафіяў з нагоды сьвята св. Андрэя Першапакліканага: “Хачу вам усім перадаць словы прывітаньня і блаславеньня ад Сьвятога Айца Папы Бенядыкта XVI, а менавіта: сустрэць агонь і несьці агонь. Моц агня не залежыць ад яго аб’ёму, ад велічыні полымя. Не залежыць ад велічы вогненнага слупа, але ад моцы іскраў”. Гэтыя словы актуальныя для ўсіх грэка-католікаў Беларусі. Нашым заданьнем зьяўляецца запаліць іскру веры, надзеі ды любові ад Госпада Ісуса Хрыста – Сына Божага, які стаўся чалавекам. І ў бляску гэтага полымя веры, надзеі ды любові зразумець, што нават малая іскра - вялікая сіла, здольная запаліць усе навокал. 2. Дарагія Браты і Сёстры! Новы Год Гасподні – 2012 будзе праходзіць ва ўсёй Каталіцкай Царкве, як год, у якім на Сінодзе Біскупаў у Рыме, у месяцы кастрычніку, будзе абмяркоўвацца справа Новай Евангелізацыі. А ў чэрвені ў горадзе Мілан пройдзе чарговая Сусьветная Сустрэча Сем’яў. У тым жа чэрвені 2012 г. Яго Сьвятасьць Папа Бенядыкт XVI-ты аб’весьціць Год Веры. Такім чынам Сьвятая Царква заахвочвае нас, каб мы раз яшчэ адкрылі ў Евангельлі Ісуса Хрыста крыніцу моцы для ажыўленьня нашай веры. І каб верай, угрунтаванай на Евангельлі, мы кіраваліся ў асабістым, сямейным, прафесійным ды грамадзкім жыцьці. Таму ў Беларускай Грэка-Каталіцкай Царкве 2012 год будзе праходзіць пад дэвізам “Евангелізацыя – пакліканьне сям’і”. Зразумела, што сям’я павінна быць ачагом, дзе захоўваецца агонь веры, надзеі ды любові. Аднак вельмі патрэбна, каб гэтыя цноты не былі толькі прыгожымі словамі ў нашых вуснах, але каб яны праяўляліся ў нашых канкрэтных учынках. Трэба, каб мы, ахопленыя любоўю Хрыста, любілі нашых бліжніх, несьлі ім агонь веры і надзеі. 3. Як вядома, агонь хрысьціянскай веры мы ў Беларусі атрымалі больш за тысячу гадоў таму. А амаль ужо паўтысячагоддзя маем Евангельле ў перакладзе на беларускую мову. На самай справе да Юбілею 500-годдзя выданьня Францішкам Скарынам беларускай Бібліі ў 1517 г. засталося 5 гадоў. Таму вельмі важна, каб у рамках духоўнай падрыхтоўкі да гэтага Юбілею хрысьціяне Беларусі пастаянна адкрывалі багацьце Слова Божага - “жывога і дзейснага” - чытаючы яго на роднай беларускай мове. Няхай гэта будзе бачным знакам адказнай любові да духоўнай спадчыны Беларусі ды сьведчаньнем нашай жывой веры ў тое, што Бог любіць нашую Бацькаўшчыну – Беларусь. Няхай Слова Евангельля ўмацоўвае нас на шляху гэтай сапраўднай любові. Таму грэка-католікі Беларусі, зьяднаныя вакол адчыненай Кнігі Слова Божага, шчыра моляцца, каб Новы 2012 Год Гасподні быў блаславёнай нагодай сьведчыць на роднай мове – разам з братамі лацінскага абраду ды з братамі праваслаўнымі і пратэстантамі – пра актуальнасьць і неабходнасьць Слова Божага ў жыцьці нашай Айчыны. Усім сьвятарам, манахам, манахіням, семінарыстам, усім вернікам нашае Царквы ды ўсім нашым Сябрам жадаем міру і радасьці ў сэрцы і мужнасьці несьці агонь веры, надзеі ды любові, што заахвочваюць нас нястомна чыніць дабро. Сардэчна віншуем усіх вас з Раством Хрыстовым і Новым 2012 Годам Гасподнім і вітаем сьвяточным вітаньнем: Хрыстос нарадзіўся – Яго славім! Мінск, Раство Хрыстова 2011 году. +Архімандрыт СЯРГЕЙ (Гаек) Апостальскі Візітатар для грэка-католікаў Беларусі Вярнуцца назад |