Парафія сьвятога Язэпа > Навіны > Яны чакаюць заўсёды…

Яны чакаюць заўсёды…


8.12.2011.
Яны чакаюць заўсёды…Перадкалядны пост – надзвычайна добры час для таго, каб адкрыць сваё сэрца на штосьці большае, чым клопат толькі пра сябе. 3 снежня 2011 г., у межах акцыі “Святы Мікалай ідзе да дзяцей”, валанцёры Руху св. Мікалая на чале з самім Святым Мікалаем наведалі Селюцкі псіха-неўралагічны інтэрнат.

* * *

Яны чакаюць заўсёды…Ці даўно вы былі ў гасцях? Ці даўно самі кагосьці запрашалі ў госці да сябе? Напэўна, кожны з чытачоў скажа, што гэта было зусім нядаўна, можа нават на гэтым тыдні! Гэта праўда, што для большасці людзей запрашэнне ў госці ці наведванне кагосьці - зусім звычайная справа… Гэта – ў парадку рэчаў.
А вось мы ведаем людзей, для якіх кожны госць і кожная з ім сустрэча – неверагодная падзея, якую яны прыгадваюць некалькі месяцаў! Хто яны? Гэта насельнікі Селюцкага псіха-неўралагічнага інтэрната (Віцебскі раён). Яны чакаюць ЗАЎСЁДЫ… Тут пражывае каля 170 чалавек ва ўзросце ад 18 гадоў. Пераважна гэта людзі з пэўнымі псіхічнымі адхіленнямі і парушэньнямі апорна-рухальнага апарата.

Яны чакаюць заўсёды…3 снежня 2011, ў межах акцыі “Святы Мікалай ідзе да дзяцей”, валанцёры Руху св. Мікалая на чале з самім Святым Мікалаем наведалі Селюцкі псіха-неўралагічны інтэрнат. Валанцёры прывезлі з сабой салодкія падарункі, а таксама рэчы для асабістай гігіены (мыла, грэбні, рушнікі, зубныя шчоткі і пасты) і цёплую вопратку. Насельнікі Селюцкага дома-інтэрната з задавальненнем прымалі ўдзел у праграме, якую падрыхтавалі валанцёры: маліліся разам, адказвалі на пытанні, спявалі песні і танчылі для св. Мікалая. Пасля гэтага валанцёры прапанавалі паўдзельнічаць ў практычных занятках – зрабіць гірлянды для надыходзячых святаў. Ва ўсёй праграме прымалі ўдзел каля 80 асобаў, якія хоць і маюць пэўныя псіхічныя адхіленні і парушэнні апорна-рухальнага апарату, але змаглі прыйсці ў актавую залу.

Яны чакаюць заўсёды…Пасля завяршэння праграмы валанцёры перадалі ў інтэрнацкую бібліятэку Бібліі і іншую духоўную літаратуру – дар Біблійнага Таварыства. Пасля валанцёры наведалі хворых ў ляжачым – самым складаным – аддзяленні. Тут пераважна знаходзяцца людзі, якія самі не могуць абслугоўваць сябе, гэта ляжачыя хворыя, людзі на калясках. Некаторыя з іх не могуць размаўляць. Многіх з іх не наведвае ніхто, таму асабліва для іх прыход валанцёраў кожны раз ператвараецца ў сапраўдную ПАДЗЕЮ…

Яны чакаюць заўсёды…Днём раней, з нагоды свята, адбылася падобная праграма, але ўжо пры віцебскай грэка-каталіцкай парафіі Уваскрасення Хрыстовага. Мела яна больш духоўна-малітоўны характар. Праводзіць падобныя духоўна-малітоўныя сустрэчы, прысвечаныя розным хрысціянскім святам, у Віцебску стала ўжо добрай традыцыяй. Гэтым разам валанцёры падрыхтавалі для няпоўнаспраўных асобаў і іх бацькоў незвычайную праграму.

Яны чакаюць заўсёды…Упершыню гледачы ўбачылі Тэатр ценяў, які распавёў пра жыццё Святога Мікалая. Пасля гэтага адбылася віктарына, дзе выявілася, наколькі ўважліва гледачы сачылі за падзеямі ў пастаноўцы і маглі распавесці, што запомнілі з зямнога жыцця святога. А таксама ўдзельнікаў сустрэчы, а іх сабралася каля 30 асобаў, наведаў сам святы Мікалай! Безумоўна, не абышлося без падарункаў: але ў адказ на падарунак і самі ўдзельнікі святочнай сустрэчы павінны былі штосьці падараваць святому: хто вершык, хто песню, хто танец, а адзін з няпоўнаспраўных хлопцаў нават змог сыграць на гітары! Пасля былі падрыхтаваныя конкурсы, а таксама салодкі стол.

Прыгадваем, што акцыя “Святы Мікалай ідзе да дзяцей” яшчэ трывае. Падрабязней аб ёй можна даведацца на сайце Хрысціянскага валанцёрскага Руху св. Мікалая: www.valancer.by

Яўгенія Ізотава

Вярнуцца назад