Парафія сьвятога Язэпа > Навіны > “Сустрэць агонь і несці агонь”
“Сустрэць агонь і несці агонь”29.11.2011. |
|
Высокадастойнага Архібіскупа Клаўдыё Гуджэроцці на Боскай Літургіі ў гонар св. Андрэя Апостала – Першапакліканага ў Мінску 27 лістапада 2011 г. У нядзелю 27 лістапада 2011 г. а 10.00 г. вернікі мінскіх грэка-каталіцкіх парафій святкавалі памяць св. Апостала Андрэя - Першапакліканага. Боскую Літургію у капліцы грэка-каталіцкага Душпастырскага цэнтра св. Язэпа ўзначаліў Высокадастойны Ўладыка Архібіскуп Клаудыё Гуджэроцці, Апостальскі Нунцый у Беларусі, які скіраваў да шматлікіх вернікаў сваё душпастырскае Слова. Дарагія Айцы, прысутныя тут, як лацінскай, так і візантыйскай традыцый, уключна з нашым дастойным Госцем з Апостальскай нунцыятуры ў Грузіі, Азербайджане і Арменіі, Шаноўныя Прадстаўнікі свецкіх уладаў, Дарагія сябры гэтай грэка-каталіцкай Супольнасці г. Мінска! 1. Дазвольце мне гэтую сустрэчу з вамі пачаць з успаміну, які, у нейкім сэнсе, можа растлумачыць, чаму я сапраўды вельмі ўзрушаны тым, што магу сёння быць тут, паміж вамі. Перш, чым я ў 2001 г. быў прызначаны Апостальскім нунцыем і ў 2002 г. адбылася мая епіскапская хіратонія, з 1985 г. я нёс служэнне ў Кангрэгацыі Ўсходніх Цэркваў у Рыме. Апека ды спрыянне развіццю Супольнасцяў Усходніх Цэркваў, з’яднаных з Рымскай Царквой, было маёй працай на працягу многіх гадоў. Вельмі добра памятаю той дзень, калі ў 1993 г. айцец Сяргей (Гаек) быў прызначаны Кангрэгацыяй Візітатарам “ad referendum”. Ён атрымаў місію паехаць у Беларусь, паглядзець, усё убачыць і данесці гэтыя звесткі да Апостальскай Сталіцы. І, канешне, калі а. Сяргей вярнуўся ў Рым і расказаў усё, што ён тут у вас бачыў, нам стала вядома пра існаванне вашых Супольнасцяў, іх колькасць і дынаміку. У 1994 г. Кангрэгацыя Ўсходніх Цэркваў выслала ў Беларусь а. Сяргея як свайго дэлегата – Апостальскага Візітатара для грэка-католікаў Беларусі. Кангрэгацыя Ўсходніх Цэркваў мела вялікае жаданне забяспечыць душпастырскую апеку грэка-каталіцкім вернікам ужо ў першыя гады пасьля падзення Савецкага Саюза. Гэтая вашая Супольнасць мела сваю даўнюю традыцыю. Нельга забывацца пра тое, што менавіта на гэтай зямлі знаходзіцца г. Берасце, дзе 415 год таму адбылося Злучэнне значнай часткі Ўсходняй Царквы на гэтых землях з Рымскай Апостальскай Сталіцай. Таму для мяне прыехаць сюды, каб вас адведаць, гэта тое самае, што адведаць санктуарый Еднасці. 2. Як бачыце, я сёння між вамі, апрануты ў лацінскія літургічныя вопраткі. Ведаеце чаму? 14 год я быў дарадчыкам Офісу па справах цэлебрацыі літургіі Святым Айцом. Мы вельмі доўга дыскутавалі аб тым, як Папа можа выказаць сваю пашану да Ўсходніх Цэркваў, у тым ліку і да рызаў. Даследаваўшы пытанне, нам стала ясна, што Папа – біскуп Рыму, і, як біскуп Рыму, мае прывілей Прымату. Але Папа не з’яўляецца біскупам усіх Цэркваў, і таму апранаецца як біскуп Рыму ў рызы лацінскага абраду. Менавіта таму і яго Пасланнік выбраў гэты варыянт, калі прыбыў у вашую краіну. Разнастайнасць Цэркваў і традыцый у Еднасці з адной Паўсюднай Царквой – гэта не фальклёрны спектакль. Гэта прыналежнасць да даўняй традыцыі, якая мае глыбокія карані. 3. Калі заключалася Унія, адбыўся сам акт гэтай Еднасці, усходнім католікам была дадзена права захаваць сваю літургічную традыцыю, сваё царкоўнае права. Але, на жаль, мы не адразу змаглі зразумець сэнс ды вартасць гэтай традыцыі. (Паўстала нават тэорыя, згодна з якой, лацінскі абрад быў найбольш каталіцкім з усіх каталіцкіх). І толькі з цягам часу, дзякуючы Святому Духу, пасля ІІ Ватыканскага Сабору мы зразумелі, наколькі памылковымі былі тыя ўяўленні. Сёння мы разумеем, што Ўсходнія Цэрквы маюць вялікую літургічную традыцыю, не меншую за лацінскую. Скажу больш, Усходнія Цэрквы маюць магчымасць засведчыць для Паўсюднай Царквы гэтае багацце ўсяго Ўсходу, застаючыся пры гэтым у поўнай Еднасьці з Ёй. Вы, Дарагія Браты і Сёстры, з’яўляецеся знакам гонару Каталіцкай Царквы, таму што вы паказваеце, як быць прыкладам разнастайнасці ў Каталіцкай Царкве. Гэта знак для нашых Гасцей, для прадстаўнікоў свецкіх уладаў, што для Каталіцкай Царквы няма розніцы паміж яе дзецьмі, і незалежна ад таго, якім чынам яны выказваюць сваю веру ў адзінага Госпада, яны заўсёды аднолькава каштоўныя. Гэта ўсё павінна адбывацца ў атмасферы вялікага братэрства з Праваслаўнай Царквой. Бо спасцігаючы і прымаючы розніцы і перашкоды, якія ёсць да дарозе да поўнай Еднасці паміж намі, першае, што з’яўляецца сапраўды важным – гэта хрысьціянская любоў. 4. Я вельмі шчаслівы, таму што мая тытульная епархія знаходзіцца ў мясціне Равэллё ў Італіі. Гэта месца знаходзіцца ў 3 кіламетрах ад г. Амальфі, дзе спачываюць мошчы св. Апостала Андрэя. Сеньня, святкуючы памяць св. Андрэя, пачуваю сябе тут, як дома. Як навучае нас усходняя традыцыя, св. Апостал Андрэй – Першапакліканы. Гімны, песні, прысвечаныя гэтаму святому, маюць асаблівае багацце. (Вельмі рады, што прысутнічае тут Мансіньёр Філіп - прадстаўнік Апостальскай нунцыятуры ў Грузіі, якую, паводле традыцыі, евангелізаваў св. Апостал Андрэй). Што мы знаходзім у гэтай багатай гімнаграфіі ўсходняй традыцыі? Хачу асаблівым чынам падкрэсліць адносіны св. Апостала Андрэя да св. Яна Хрысціцеля. Андрэй – адзін з паслядоўнікаў Яна Хрысціцеля, якія пачулі: “Вось Ягнё Божае, Які бярэ на Сябе грахі свету”. Убачыўшы Ісуса, Андрэй адчуў сябе здольным адказаць Яму на гэта пакліканне: “Ідзі за Мной!”. І ён не толькі ідзе за Ім, але адразу ідзе да свайго брата Пятра і кажа: “Я знайшоў Госпада”. Андрэй – першы евангелізатар. Які ж будзе ягоны лёс як прапаведніка? Ісці за Ісусам і наследаваць Яго, прыняўшы такую ж смерць, як і Госпад, – вось ягоны лёс. Паводле традыцыі св. Андрэй быў укрыжаваны на крыжы у форме літары “Х”. 5. Дарагія браты і сёстры! Калі мы сустрэнем Хрыста, мы не зможам Яго не прапаведаваць. Але прапаведуючы Хрыста, ці з’яўляемся мы сапраўды вестунамі Добрай Навіны, з якой сустрэліся, і якая завалодала намі, ці мы проста, перадаем інфармацыю, як кнігі? Але ніхто не аддасць жыццё дзеля кнігі, але толькі дзеля любові да асобы. Я упэўнены, што гэты час на беларускай зямлі з’яўляецца вельмі важным, гэта павінен быць час прапаведванння Слова любові. Пакліканне апостала Андрэя вучыць нас, што трэба сапраўды сустрэцца з Хрыстом, Які нас кліча, і адначасова абавязкова занесці гэтую Навіну іншаму чалавеку. 5. Хачу вам усім перадаць словы прывітання і блаславення ад Святога Айца Папы Бенядыкта XVI, а менавіта: сустрэць агонь і несці агонь. Не пераймацца тым, што, можа, мы не такія шматлікія. Бо моц агня не залежыць ад яго аб’ёму, ад велічыні полымя. Не залежыць ад велічы вогненага слупа, але ад моцы іскраў. Няхай сьвяты Апостал Андрэй спадарожнічае вам і дапаможа вам запаліць гэтую іскру ад Госпада, у Яго гарачыні і бляску, ды зразумець, што гэта іскра - вялікая сіла, здольная запаліць усе навокал. Уся Каталіцкая Царква будзе вам ўдзячна, калі вы, атрымаўшы гэтую іскру, захаваеце яе жывой. У гэты час майго перабывання тут, на Беларусі, спадзяюся яшчэ не раз сустрэцца з вамі, і менавіта ад вас запаліцца іскрай жывога агню веры ды любові дзеля служэння вашай зямлі. Найлепшыя пажаданні ўсім вам, каб Святы Дух дапамог нам споўніць усе задуманае. Амін. Вярнуцца назад |