Парафія сьвятога Язэпа > Навіны > Новыя Біскупы Усходніх Каталіцкіх Цэркваў у Еўропе
Новыя Біскупы Усходніх Каталіцкіх Цэркваў у Еўропе2.05.2008. |
На працягу мінулых месяцаў грэка-каталіцкія Цэрквы на Украіне, у Грэцыі ды ў Венгрыі атрымалі новых біскупаў. Ніжэй даем кароткую інфармацыю пра гэтыя радасныя і для нас падзеі.
ВЕНГРЫЯ 2 траўня 2008 Венгерская Грэка-Каталіцкая Царква атрымала свайго новага Пастыра. Папа Бенядыкт XVI прызначыў Біскупам епархіі Гайдудораг ( Hajd u dorog ) ды Апостальскім Адміністратарам " ad nutum Sanctae Sedis " Апостальскага Экзархату ў Мішкольцы ( Miskolc ) ігумена грэка-каталіцкага манастыра Перамяненьня Гасподняга ў м. Дамац - ераманаха Філіпа Кочыша. Новапрызначаны біскуп нарадзіўся 13 студзеня 1963 г. у горадзе Сэгэд у епархіі Гайдудораг. Закончыў епархіяльную семінарыю у г. Ньірэдзьгаза і быў рукапакладзены на сьвятара 2 жніўня 1989 г. Пасьля вышэйшых студыяў у Рыме нёс душпастырскае служэньне ў Мішкольцкім Экзархаце. Пасьля манаскай фармацыі ва ўсходнім манастыры Бенедыктынцаў у Шэўтонь у Бельгіі (у 1995-1999 гг.), з блаславеньня Біскупа Хайдудораскага, арганізаваў манастырскую абіцель у мясьціне Дамац ва ўсходняй Венгрыі ды быў прызначаны яе ігуменам. Уладыка Філіп уступае на пасад Архіпастыра Венгерскай Грэка-Каталіцкай Царквы (ВГКЦ) пасьля шматгадовага служэньня біскупа Сіларда Кэрэстеша (1988-2007), які ў 2007 г. адышоў на пенсію. ВГКЦ налічвае разам (у Хайдудораскай епархіі ды Экзархаце Мішкольц) амаль 300.000 вернікаў, 180 парафіяў ды 270 сьвятароў. УКРАІНА 15 студзеня 2008 г. прэс-служба Ватыкана паведаміла пра тое, што Сьвяты Айцец Бенядыкт XVI блаславіў рашэньне Сіноду Біскупаў УГКЦ пра заснаваньне ў Луцку новага Экзархату і пра прызначэньне а. Язафата Алега Гавэру яго Экзархам. У склад новага Экзархату уваходзяць Валынская і Ровенская вобласьці. Рэзідэнцыя Экзарха знаходзіцца ў Луцку. Айцец Язафат Алег Гавэра нарадзіўся 12 верасьня 1967 г. у горадзе Івана-Франкоўску. Пасля заканчэньня сярэдняй школы вучыўся ў падпольнай духоўнай семінарыі. 30 траўня 1990 г. ён быў рукапакладзены на сьвятара і прызначаны пробашчам парафіі сьвятых Уладзіміра і Вольгі ў м. Вялікая Беразавіца. З 1996 па 1999 гг. навучаўся ў Люблінскім каталіцкім універсітэце. Пасля гэтага працаваў віцэ-рэктарам Вышэйшай духоўнай семінарыі Тэрнопальскай Епархіі УГКЦ. На працягу 2004-2007 гг. а. Язафат навучаўся ў Папскім Усходнім Інстытуце ў Рыме, дзе абараніў ліцэнцыят па пастаральнай тэалогіі. Да моманту новага прызначэньня ён выконваў абавязкі рэктара Духоўнай семінарыі імя Язэпа Сьліпога ў Тэрнопалі. 7 красавіка 2008 г., у сьвята Дабравешчаньня па юліянскім каляндары, у Тэрнопальскім катэдральным саборы адбылася хіратонія новага біскупа. Для гэтага ў Тэрнопаль прыехалі Першаярарх УГКЦ Яго Блаславенства Любамір, біскупы Грэка-Каталіцкай Царквы з Украіны і з замежжа. На хіратоніі прысутнічаў і Апостальскі Візітатар для грэка-католікаў Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек. Чын біскупскай хіратоніі узначаліў Яго Блаславенства Любамір у саслужэньні біскупа Тэрнопальска-Збораўскага Уладыкі Васіля Семянюка і Уладыкі Павла Хамніцкага, ардынарыя Стэмфардскай епархіі (ЗША). У суботу, 12 красавіка 2008 г., у храме Дабравешчаньня Найсьвяцейшай Багародзіцы г. Луцка, які цяпер зьяўляецца катэдральным саборам, падчас Боскай Літургіі адбылася інтранізацыя Уладыкі Язафата (Гавэры). З гэтай нагоды ў Луцк прыехалі Яго Блаславенства Вярхоўны Архібіскуп Кіеўска-Галіцкі Любамір, архібіскуп Львоўскі Ігар (Возьняк), біскупы УГКЦ, сьвятары і сьвецкія вернікі. У літургіі прыняў удзел ардынарый Луцкай дыяцэзіі Рыма-Каталіцкай Царквы на Ўкраіне, а таксама прысутнічаў Уладыка Міхаіл, епіскап Луцкі і Валынскі Украінскай Праваслаўнай Царквы Кіеўскага Патрыярхату. Ад Беларускай Грэка-Каталіцкай Царквы на інтранізацыі прысутнічаў ераманах Лявонцій Тумоўскі, які прачытаў прысутным віншавальны ліст ад Апостальскага Візітатара БГКЦ архімандрыта Сяргея Гаека. ГРЭЦЫЯ 23 красавіка 2008 г . Папа Бенядыкт XVI прыняў просьбу Біскупа Анаргіраса Прынтэсіса аб звальненьні яго па стане здароў я з пасаду Апостальскага Э кзарха для католікаў візантыйскага абраду ў Грэцыі . Адначасова Сьвяты Айцец паклікаў да біскупскага сану а. Дымітрыяса Салахаса ды прызначыў яго новым Апостальскім Экзархам Эладскай Грэка-Каталіцкай Царквы. Новы Апостальскі Экзарх нарадзіўся ў 1939 годзе ў Афінах. Вывучаў філасофію ў Папскім універсітэце Урбаніяна ў Рыме ды тэалогію ў Ерусаліме, дзе ў 1964 годзе быў рукапакладзены на сьвятара. Акрамя гэтага Уладыка Дымітрыас мае юрыдычную адукацыю, якую атрымаў на юрыдычным факультэце Афінскага універсітэта. Ён шмат гадоў выкладаў усходняе кананічнае права ў Экуменічным Інстытуце ў Бары, у папскіх навучальных установах Рыму і ў Каталіцкім Інстытуце ў Парыжы. Ён таксама ад моманту стварэньня ўваходзіць ў Міжнародную камісію па каталіцка-праваслаўным дыялогу. Дзякуючы шматгадоваму сяброўству з архім. Сяргеем (Гаекам) ён вельмі добра ведае жыцьцё БГКЦ. Апостальскі Экзархат Эладскай Грэка-Каталіцкай Царквы налічвае каля 3.000 вернікаў у 3-х парафіях ды пэўную колькасьць вернікаў, якія жывуць па-за структурамі парафіяў. У Экзархаце служыць 10 сьвятароў. Акрамя таго парафіі Экзархату прадастаўляюць гасьціну грэка-каталікам украінцам, якіх тысячы працуюць у Грэцыі. Літургічнай гасьціны Экзархату карыстаюцца таксама і вернікі Халдэйскай Каталіцкай Царквы. Вярнуцца назад |