Праведныя Язэп Абручнік, Давід Ўладар і Якуб, брат Гасподні

Сьвяты Язэп быў царскага роду, з Давіда і Саламона, унукам Матфафаў, праўнукам Еліязараў, сын Якуба паводле прыроды, і Ільлі паводле левіярату (левіярат – азначае закон, пры якім калі муж паміраў і не пакінуў пасьля сябе дзяцей, ягоны брат павінен быў ажаніцца з удавою (Другаз. 25.5-10). Дзеці ад гэтага шлюбу лічыліся дзецьмі таго, чыю ўдаву ўзяў брат). Бо ягоны дзед Матфат, пасьля нараджэньня яго бацькі Якуба, памёр. Жонку ж Матфаву, маці Якуба, узяў Мелхій і нарадзіў Ільлю. А Ільля ажаніўся і памёр бяздзетным, пасьля яго Якуб, які быў ягоным братам ад адной маці, але не ад аднаго бацькі, узяў за сябе ягоную жонку, таму што так пісалася ў законе левіярату. Паводле яго Якуб узяў нявестку і нарадзіў Язэпа, Абручніка Марыі, і быў гэты Язэп, як было ўжо сказана, сынам абодвух: паводле прыроды – Якуба, а паводле закону – Ільлі. Вось чаму сьв. Евангеліст Лука, падаючы радавод Хрыста, назваў бацькам Язэпавым Ільлю замест Якуба (Лк 3.23-24). Пра гэтага сьвятога Язэпа існуюць розныя меркаваньні ў заходніх і ўсходніх хрысьціянаў. Заходнія кажуць, што ён да самае свае сьмерці заставаўся цнатлівым, ніколі не жаніўся, а ўсходнія сьцьвярджаюць, што ён меў жонку і дзяцей. Так, Нікіфар, старажытны грэцкі гісторык, кажа, што ён ажаніўся з Саламіяй, але ня думай (дадае ён), што гэта тая Саламія, якая знаходзілася ў Бэтлееме і была нарачоная бабуляй Госпада, гэта была іншая Саламія. Бо тая была сваячкай Альжбэты і Найсьвятой Багародзіцы, а гэтая была дачкой Агея, брата Захарыі, бацькі Прадвесьніка, Агей жа і Захарыя былі сынамі сьвятара Варахіі. У гэтым сужэнстве з Саламіяй сьвяты Язэп меў чатырох сыноў: Якуба, Сымона, Юду, Ёсію і дзьвюх дачок – Эсфір і Фамар, ці, як кажуць іншыя, — Марту, а сінаксар Нядзелі міраносіцаў дадае яшчэ і трэцюю дачку Саламію, якая была замужам за Зэбядэем.
А Рыгор Кедрын, узгадваючы пра дзьвюх дачок Язэпа, кажа, што адна з іх, Марыя, выйшла замуж за Кляопу, брата Якубавага, ужо пасьля вяртаньня Язэпа з Ягіпту, але, здаецца, тая Марыя гэта тая ж самая асоба, што і Марта ці Фамар (трэба зазаначыць, што ў грузінскіх сьвятцах узгадваецца і Фамар пад імем Тамары).
Але чыёй яна не была б дачкой, і колькі б не было ў Язэпа дачок, — бязсумніўна тое, што Язэп быў жанаты і меў сыноў і дачок. Пасьля сьмерці сваёй жонкі Саламіі, сьвяты Язэп жыў у чысьціні вельмі доўгі час. У сьвятым Евангельлі ягонае сьвятое і беззаганнае жыцьцё засьведчана кароткімі, але пахвальнымі словамі: “Язэп, муж Яе, будучы праведным...” (Мц 1.19). Што можа быць больш за такое сьведчаньне? Ён быў настолькі праведны, што сваёю сьвятасьцю перавысіў іншых праацоў і патрыярхаў. Бо хто ж быў бы годным стацца Абручнікам Найсьвятое Дзевы і названым бацькам Хрыстовым? Сапраўды Госпад знайшоў гэтага мужа паводле Свайго сэрца, якому “уліў тайную мудрасьць” (Пс 50.8), зрабіўшы яго слугою таямніцы нашага збаўленьня.
Сапраўды ён быў годным такога гонару і такога служэньня дзеля свайго праведнага жыцьця. Калі ён быў ужо старым, з ім была заручаная Найсьвятая Дзева Марыя і дадзеная яму дзеля захаваньня Ейнае чысьціні ( а не для цялеснага, сапраўднага шлюбу). І ён з усялякай пабожнасьцю і страхам служыў Ёй як Маці Божай, і сваёй і ўсяго сьвету Ўладарцы (атрымаўшы пра гэта завярэньне ў сьне ад Анёла), а таксама народжанаму ад Яе Немаўляці і ў час уцёкаў у Ягіпет, і пасьля вяртаньня адтуль, і жывучы ў Назарэце, здабываючы ім пажытак працаю рук сваіх,бо быў цесьляром, атрымаўшы ад царскага роду толькі цела, а не славу і багацьце. Пражыўшы 110 гадоў, сьвяты Язэп у супакоі спачыў і адышоў да праайцоў у шэол, прыносячы туды радасную вестку пра тое, што прыйшоў чаканы Збаўца, Які павінен збавіць увесь род чалавечы, Хрыстос Госпад, Яму слава на вякі. Амін. (Паводле сьвяц. Дзьмітрыя Растоўскага).