РАСТВО ГОСПАДА НАШАГА ІСУСА ХРЫСТА

Нараджэньне Хрыста сьпярша сьвяткавалася разам з Богазьяўленьнем 6 студзеня. У пачатку IV стаг. у Рыме пачалі сьвяткаваць яго 25 сьнежня, магчыма, каб замяніць паганскае сьвята “Нараджэньня непераможнага сонца” сьвятам нараджэньня Сонца справядлівасьці – Хрыста. Пачынаючы з другой паловы IV стаг. новая дата сьвята пачала пашырацца на Ўсходзе. З часам сьвята Нараджэньня Хрыстовага (або Каляды, як яго звычайна завуць на Беларусі), сталася адным з найвялікшых сьвятаў у царкоўным календары. Падрыхтоўкай да яго служыць саракадзённы пост, падобны да Вялікага посту перад Вялікаднем. Ён пачынаецца 15 лістапада, дзень пасьля сьвята апостала Піліпа, і таму на Беларусі яго называюць “Піліпаўкай”. Дзьве нядзелі непасрэдна перад сьвятам называюцца “Нядзеляй праайцоў” і “Нядзеляй айцоў”. У першую з іх Царква ўспамінае ўсіх праведнікаў, якія жылі да Хрыста, і прарокаў, якія прадказалі Ягонае прыйсьце. У другую нядзелю чытаецца Евангельле радаводу Ісуса Хрыста (Мц 1.1-25) на доказ таго, што Ён ня толькі Сапраўдны Бог, але і Сапраўдны Чалавек. Перадсьвяцьце трывае пяць дзён, а не адзін, як гэта бывае ў выпадку большасьці Гасподніх і Багародзічных сьвятаў.
Літургічны дзень у Бізантыйскім абрадзе пачынаецца ўвечары. Таму вячэрня з Літургіяй сьвятога Васіля Вялікага 24 сьнежня – сьвяточная. На Літургіі чытаецца Евангельле ад Лукі пра нараджэньне Ісуса Хрыста і пакланеньне пастухоў. У гэты дзень, апрача суботы і нядзелі, раніцай Літургіі не бывае, а чытаюцца асобыя “Вялікія (або Царскія) гадзіны”.
На Літургіі ў дзень сьвята чытаецца Евангельле ад Мацьвея пра пакланеньне мудрацоў, паказваючы, што нараджэньне Хрыста мела не мясцовае, а ўніверсальнае значэньне. Дарэчы, у Рымскім абрадзе пакланеньне мудрацоў (“Тры каралі”) сьвяткуецца 6 студзеня.
У царкоўных службах гэтага дня ўсхваляецца цудоўнае нараджэньне Бога ад Найсьвяцейшае Дзевы Марыі, якая “насіла ва ўлоньні сваім Спрадвечнага і Недасяжнага, адзінасутнага з нябачным Айцом, адзінае і нязьлітнае ў Тройцы Боства”. Хрыстос, “прыйшоўшы ад Дзевы Маці і не зазнаўшы ніякае зьмены... застаецца тым, кім быў – сапраўдным Богам, – і прымае тое, чым ня быў, стаўшыся чалавекам дзеля чалавекалюбства. Ён – Вобраз славы Айца, што быў і заўжды ёсьць, і зазьзяў ад Дзевы”.