Сьвятамучанік Эляўтэрый

Сьвятамучанік Эляўтэрый, рымлянін, страціў бацьку яшчэ ў дзяцінстве. Маці Антыя прадставіла яго біскупу Рыма сьв. Анаклету, які даў яму глыбокія веды Сьвятога Пісьма. Маючы 20 гадоў стаў біскупам Ілірыйскім, што на ўсходнім беразе Адрыятычнага мора, дзе ягонае прапаведваньне прыцягнула шмат паганаў да Хрыста. У часы імператара Адрыяна (117-138) за адважнае вызнаньне Хрыста быў замучаны ў Рыме разам са сваёю маці.

Вялебны Павал Лятрыйскі

Вялебны Павал Лятрыйскі нарадзіўся ў горадзе Элен у Пергаме. Рана страціўшы бацьку, ён выхоўваўся ў манастыры сьв. Сцяпана ў Фрыгіі, а пасьля сьмерці маці цалкам аддаўся манаскім подзьвігам у манастыры на гары Лятр, каля Мілета. Жадаючы дасягнуць яшчэ большай дасканаласьці, закрыўся ў пячоры. Сваімі подзьвігамі ён сьцягнуў дар празарлівасьці і чыніў цуды. Прадказаўшы сваю сьмерць, памёр у 955 годзе.