Сьвяты Сьпірыдон Цудатворца, біскуп Трымітыйскі

Сьвяты Сьпірыдон быў простым вяскоўцам, меў жонку, некалькі дзетак, аднак заўсёды быў пільным да справаў Божых. Гэты пастух веў такое жыцьцё, што яго палічылі годным быць пастырам людзей. Яго выбралі на біскупа Трымітыйскага. Вялікая шчырасьць не перашкаджала яму і надалей пасьвіць авечак, нават будучы біскупам. Акрамя таго ён атрымаў дар чыніць цуды. Паданьне апавядае выпадак, калі аднаго разу дачцэ Сьпірыдона Ірыне нейкая кабета дала на захаваньне каштоўную рэч. Так сталася, што дачка памерла. Жанчына згадала пра сваё, але святы ня ведаў, дзе Ірына схавала каштоўнасьць. Тады Сьпірыдон пайшоў на магілу да дачкі і спытаў у яе, як у жывой, дзе яна схавала рэч. Ірына нібы прачнуўшыся ад сну адказала яму, і біскуп знайшоў каштоўную рэч на указаным месцы. Ёсьць зьвесткі, што сьв. Сьпірыдон прымаў удзел у І-м Сусьветным саборы ў Нікеі (325), а памёр у 348 годзе.