Беззаганнае зачацьце Найсьвяцейшай Багародзіцы

Паводле навучаньня шматлікіх Айцоў Царквы, наш Госпад, хочучы падрыхтаваць сабе жытло сьвятое, паслаў Свайго анёла да сьвятых Якіма і Ганны, ад якіх згодна з Ягоным планам павінна была нарадзіцца Ягоная Маці па плоці. Анёл абвясьціў ім, што няплодная зачне, указваючы на тое, што мае нарадзіцца Насьвяцейшая Дзева. І вось была зачатая Марыя, больш годная пашаны за хэрувімаў і сьвяцейшая ад усяго стварэньня духоўнага і цялеснага. Паводле навучаньня Каталіцкай Царквы, гэтае зачацьце было беззаганным, гэта значыць, што душа Найсьвяцейшай Дзевы, якая ад пачатку сьвету была выбраная стаць Маці Божай, выйшла з рук Творцы упрыгожанай Божай ласкай, беззаганнай, вольнай ад усялякай плямы першароднага граху.
Гэта тая самая навука, перададзеная нам Сьвятымі Айцамі, якую шматлікія гімнографы апявалі ў сваіх творах, і якую Папа Рымскі Пій ІХ у 1854 годзе ўрачыста ўстанавіў. Гэтае сьвята вядомае на Ўсходзе з VIIІ стаг., на Захадзе яго ўвялі ірландзкія манахі ў ІХ стаг., але распаўсюдзілася яно яшчэ пазьней і нарэшце ў лацінскім абрадзе было ўсталявана на 8 сьнежня.