Вялікамучаніца Барбара

Вялікамучаніца Барбара была дачкой заможнага і вядомага паганіна Дыяскора. Вызначалася незвычайнай мудрасьцю і прыгажосьцю. Бацька асьцерагаў яе ад уплыву хрысьціянаў, але яна, аднойчы сустрэўшыся з імі, пазнала іх навуку і ўсім сэрцам сталася вучаніцай Хрыста. Бацька, даведаўшыся пра гэта, аддаў яе на мучаніцкую сьмерць. Сталася гэта каля 306 году.

Вялебны Ян Дамаскін

Вялебны Ян Дамаскін (+749), грэцкі пісьменьнік, доктар Царквы, апошні вялікі тэолаг хрысьціянскга Ўсходу сьвятаайцоўскага перыяду. Паходзіў з Дамаску і спачатку служыў у арабскай адміністрацыі. Пасьля паступіў у манастыр сьв. Савы і пасьвяціў сябе пісьменьніцкай працы. Між іншым напісаў трактат ”Выклад праваслаўнай веры”. Быў адным з актыўных змагароў з іконаборцамі. Напісаў шмат літургічных тэкстаў, якія да сёньняшняга дня ўжываюцца ў бізантыйскім абрадзе, напр. Канон пасхальнай ютрані, кнігу Актоіх.