Усяхвальны апостал Андрэй Першапакліканы

Сьвяты апостал Андрэй – брат сьв. Пятра, вучань Яна Хрысьціцеля і Хрыста, а пасьля апостал. Паходзіў з Бэтсаіды, жыў у Капэрнауме, дзе быў рыбаком. Гэта яго сьв. Ян Хрысьціцель адправіў разам з ап. Янам да Хрыста, сказаўшы, што гэта і ёсьць Ягнё Божае. Пасьля Зыходу Сьвятога Духа на апосталаў, сьвяты Андрэй абвяшчаў Евангельле ў Малой Азіі, Фракіі, Македоніі, дайшоў да Дуная, прайшоў узьбярэжжа Чорнага мора, Крым, і дайшоў да месца, дзе цяпер стаіць горад Кіеў. Тут ён спыніўся на начлег. Устаўшы ранкам, ён сказаў сваім вучням: “Бачыце гэтыя горы? На гэтых горах зазьзяе ласка Божая, будзе вялікі горад і Бог збудуе тут шмат цэркваў!” Памаліўшыся, ён пайшоў далей да месца, дзе цяпер стаіць Ноўгарад. Адтуль ён накіраваўся ў Рым, а пасьля ў Фракію. Па дарозе ён нёс людзям Добрую Вестку пра Хрыста, не зважаючы на вялікія цярпеньні і перасьледаваньні ад паганаў. Апошнім горадам, у які прыйшоў апостал Андрэй у 62 годзе, быў горад Патры. Тут ён учыніў шмат цудаў, аздараўленьняў, палымяна прапаведваў Хрыста, навяртаў паганаў. За гэта яго загадалі расьпяць на крыжы. Два дні сьвяты апостал прапаведваў і навучаў людзей з крыжа, а пасьля памёр. Мошчы сьвятога апостала Андрэя спачываюць у Канстантынопалі ў храме Сьвятых Апосталаў побач з мошчамі сьвятога Евангеліста Лукі і вучня апостала Паўла – апостала Цімафея.