Сьвяты Рыгор Неакесарыйскі, цудатворца

Сьв. Рыгор нарадзіўся каля 213 г. у Нэакесарыі Пантыйскае ў заможнай паганскай сям’і і насіў імя Тодар. Пасьля сьмерці бацькі ва ўзросьце 14 гадоў прыняў хрост з імем Рыгор. Вывучаў рыторыку і права спачатку ў Нэакесарыі, а пасьля ў Кесарыі Палестынскай, дзе між іншым слухаў выклады Арыгена. Вярнуўшыся ў Нэакесарыю быў пастаўлены біскупам гэтага гораду, дзе быў перасьледваваны і разам з вернікамі хаваўся ў гарах Понту. За апостальскую і арганізацыйную дзейнасьць для Царквы на землях Кападокіі і Понту атрымаў імя “Вялікі”, як называлі яго Васіль Вялікі і Рыгор Ніскі. Рыгор Вялікі вядомы шматлікімі цудамі. Ягоную біяграфію апрацаваў Рыгор Ніскі, у якой між іншым згадваецца, што падчас малітвы перад хіратоніяй яму зьявілася Багародзіца разам з Янам Багасловам, які на загад Багародзіцы навучыў сьвятога, як правільна вызнаваць таямніцу Сьвятой Тройцы. Гэты Сымбаль веры быў пацьверджаны Першым Усяленскім Саборам (325 г.). Быў багасловам, пакінуў пасьля сябе творы, якія захоўваюцца да нашых часоў.