Вялебная мучаніца Анастасія

Сьвятая Анастасія асірацела ва ўзросьце трох гадоў, і яе ўзяла пад сваё заступніцтва ігуменьня жаночага манастыра каля Рыма, Сафія. У гэтым манастыры яна і прыняла манаства. Пры імператару Дэкіі (249-251 гг.) Анастасіі споўніўся 21 год. Яна была вельмі прыгожай, і шматлікія шляхетныя рымляне прасілі яе рукі, але Анастасія ўсім адмаўляла, аддаючы перавагу застацца нявестай Хрыстовай.
У той час імператар Дэкій пачаў жорсткае ганеньне супраць хрысьціян. Язычнікі выцягнулі сьвятую Анастасію з манастыра і прывялі да кіраўніка горада. Яны вінавацілі яе ў тым, што яна не толькі пагарджае шляхетных і багатых жаніхоў, але шануе за Бога ўкрыжаванага Хрыста.
Вайскавод Проў загадаў ёй прынесьці ахвяру ідалам, але Анастасія адмовілася зрачыся ад Хрыста. Тады яе падверглі лютым катаваньням: у яе вырвалі з пальцаў пазногці, потым адсеклі рукі і ногі, затым выбілі ўсе зубы. Сьвятая, сьцякаючы крывёй, стала знемагаць і папрасіла вады. Нехта Кірыла, зьлітаваўся і напаіў яе вадой. Катаваньні працягнулі, і сьвятой Анастасіі адразалі язык, якім яна бесперастанку славіла Бога. Народ, бачачы нялюдскія зьдзекаваньні над сьвятой, абурыўся, і кіраўнікі горада змушаны былі спыніць катаваньні, абезгаловіўшы пакутніцу. Вырашыўшы, што Кірыла, які напаіў пакутніцу вадой, зьяўляецца таемным хрысьціянінам, каты схапілі яго і таксама пакаралі сьмерцю.
Цела сьвятой Анастасіі было кінута за горадам на зьядзенне дзікім звярам, але Бог не дапусціў зьдзекаваньня над сьвятымі рэшткамі. Ігуменьня Сафія, апавешчаная Богам, знайшла скатаванае цела пакутніцы і з двума памагатымі-хрысьціянамі пахавалі яе ў зямлі.