Сьвятамучанік Рыгор, біскуп Вялікай Арменіі

Рыгор Асьветнік (Грыкор Лусаворыч) (к. 252—326) — першы біскуп і асьветнік Арменіі.
Жыцьцё сьв. Рыгора апісана Агафангелам, пісьменнікам IV ст., легендарным аўтарам гісторыі звароту Арменіі ў хрысьціянства. Апроч жыцьця ў кнізе Агафангела ўтрымоўваецца складанка 23 пропаведзяў, якія прыпісваюцца сьв. Рыгору Асьветніку, чаму гэту кнігу завуць яшчэ «Кнігай Грыгорыса» ці «Вучэньнем Асвьетніка» (арм. «Вардапетутун»).
У кнізе распавядаецца што бацька Рыгора, Апак (Анак), падкуплены персідскім царом, забіў армянскага цара Хазроя і за гэта сам паплаціўся жыцьцём; усё сямейства яго было зьнішчана, акрамя малодшага сына, якога яго карміцелька, хрысьціянка, пасьпела панесці на сваю радзіму, у Кесарыю Кападокійскую. Там хлопчык быў хрышчоны з імем Рыгора і атрымаў хрысьціянскае выхаваньне. Узяўшы шлюб, ён хутка растаўся з жонкай: яна паступіла ў манастыр, а Рыгор адправіўся ў Рым і ўступіў там у слугаваньне да сына Хазроева, Тырыдата (287—330 гг.), жадаючы рупліваю службаю загладзіць віну свайго бацькі. Прыбыўшы ў Арменію ў 287 годзе ў суправаджэньні рымскіх легіёнаў, Тырыдат вярнуў сабе бацькаўскі пасад. За спавяданьне хрысьціянства Тырыдат загадаў кінуць Рыгора ў роў, каб ён загінуў там ад голаду. Тут Рыгор пражыў 13 гадоў, кормячыся набожнаю жанчынай. Тым часам Тырыдат запаў ва ўтрапёнасьць, але быў вылечаны Рыгорам, пасьля чаго ў 301 г. хрысьціўся і абвясьціў хрысьціянства дзяржаўнай рэлігіяй у Арменіі. У 302 г. Рыгор быў пасьвечаны ў біскупы ад біскупа Лявонція Кападакійскага ў Кесарыі, пасьля чаго будуе храм у горадзе Вагаршапаце — сталіцы цара Тырыдата. Храм быў названы Эчміадзін, што ў перакладзе азначае «сышоў Адзінародны» (г.зн. Ісус Хрыстос), які, па паданьні, асабіста паказаў Рыгору месца для будаўніцтва храма. У 325 г. Рыгор быў запрошаны на Першы Сусьветны Сабор у Нікеі, але не меў магчымасьці паехаць сам і адправіў туды свайго сына Арыстакеса, які, разам зь яшчэ адным пасланцам па імю Акрытыс, прывёз у Арменію Нікейскія пастановы. У 325 г. Рыгор перадаў катэдру сыну, а сам выдаліўся ў адзіноту, дзе хутка памёр (у 326 г.), і быў пахаваны ў Эчміадзіне. Армянскае архібіскупства доўга заставалася ў родзе Рыгора.