+ Вялебны Харытон, вызнаўца

Пацярпеў у Іконіі падчас аднаго з ганеньняў на хрысьціян пры імператарах Галерыі (305 - 311), Максіміане (305 - 313) ці Лікініі (311 - 324). Сьвяты Харытон мужна выкрыў паганскіх багоў і цьвёрда спавядаў веру ў Адзінага Праўдзівага Бога - Хрыста-Выратавальніка. Сьвяты Спавядальнік зьведаў жорсткія пакуты, але, па Ласцы Божай, застаўся жывы. Калі ганеньні аціхлі, сьвяты быў вызвалены са зьняволеньня і ўсё сваё жыцьцё прысьвяціў служэньню Богу. Накіроўваючыся ў Іерусалім на глыбокую пашану сьвятым месцам, ён патрапіў у рукі разбойнікаў. Яны зьвязалі яго і кінулі ў пячору, намерваючыся затым забіць, а самі пасьпяшаліся на здабычу. У чаканьні сьмерці сьвяты горача маліўся, дзякаваў Бога і прасіў Яго стварыць зь ім па волі Сваёй. Тым часам у пячору запаўзла зьмяя і стала піць віно са збана, атруціла яго сваёй сьмяротнай атрутай. Вярнуўшыся ў пячору, разбойнікі напіліся атручанага віна і ўсё да аднаго загінулі. Вялебны Харытон, ушанаваўшы падзяку Богу, стаў жыць на месцы свайго цудоўнага выратаваньня. Нарабаванае разбойнікамі золата ён раздаў жабракам і ў манастыры, а ў разбойніцкай пячоры ўладкаваў царкву, вакол якой з часам утварыўся манастыр - знакамітая ў Палестыне Фаранская Лаўра. Вялебны Харытон сам склаў строгі статут для сваёй мясьціны. Імкнучыся да адзіноты, вялебны сышоў далей у пустэльню, але і там не адпрэчваў тых, хто меў патрэбу ў яго духоўным кіраўніцтве, і заснаваў яшчэ дзьве мясціны - Іерыхонскую і Сукійскую, названую "Старой Лаўрай". У канцы жыцьця вялебны Харытон жыў у пячоры на гары, каля Сукійскай мясьціны, але не пакідаў кіраўніцтва браціяй усіх трох заснаваных ім манастыроў. Па паданьню, вялебны Харытон склаў чын манаскага пострыгу. Сканаў вялебны Харытон Спавядальнік у глыбокай старасьці і быў пахаваны, па яго завяшчаньні, у Фаранскай Лаўры, у царкве, пабудаванай на месцы разбойніцкай пячоры.