Мучанік Калістрат і інш.

Родам з Карфагена. Дзед сьвятога Калістрата Неаскор служыў пры імператару Тыверыі ў Палестыне, пад кіраўніцтвам пракуратара Юдэі Понція Пілата, і быў сьведкай Хросных пакут Бога нашага Ісуса Хрыста, Яго пакутніцкай сьмерці і ўсяслаўнага Ўваскрасеньня. Бацька сьвятога быў хрысьціянінам, ён выхаваў сына ў веры і набожнасьці. Як і яго бацька, сьвяты Калістрат стаў ваяром і вылучаўся сярод паплечнікаў-язычнікаў добрымі паводзінамі і рахманым норавам. Начамі, калі ўсё спалі, ён звычайна ўставаў на малітву.
Аднойчы ваяр, які спаў поруч яго пачуў, што сьвяты Калістрат заклікае Імя Бога Ісуса Хрыста, і данёс пра гэта вайскаводу. Той заклікаў Калістрата, дапытаў яго і жадаў прымусіць прынесьці ахвяру ідалам, на што сьвяты адказаў цьвёрдай і рашучай адмовай. Тады вайскавод загадаў зьбіваць сьвятога, а затым, зраненага, валакчы па вострых камянях. Збіцьцё і катаваньні не зламалі цьвёрдай волі і мужнага цярпеньня пакутніка. Кат загадаў зашыць сьвятога ў скураны мяшок і ўтапіць у моры. Аднак мяшок Ласкай Божай натыкнуўся на востры камень і разарваўся, а сьвяты Калістрат, падтрыманы дэльфінамі, выйшаў на сушу цэлым.
Убачыўшы такі цуд, 49 ваяроў паверылі ў Хрыста. Тады вайскавод кінуў сьвятога Калістрата разам з ваярамі якія паверылі ў вязніцу. У зьняволеньні сьвяты Калістрат працягваў прапаведаваць ваярам Слова Божае і ўмацоўваў іх дух да пакутніцкага подзьвігу. Закліканыя зноў да вайскавода, пакутнікі цьвёрда паспавядалі веру ў Хрыста, пасьля чаго ім зьвязалі рукі і ногі і кінулі ў сажалку. Але путы распалася. Са сьветлымі тварамі стаялі сьвятыя пакутнікі ў вадзе, цешачыся свайму вадохрышчу, якому спадарожнічаў пакутніцкі подзьвіг. Над іх галовамі быў бачны сьветлы вянок, і ўсё пачулі голас: "Трымайся, Калістрат, са статкам тваім, і ідзі супакоіцца ў вечных паселішчах". Адначасова з гэтым знакам зямля здрыганулася і стаялы непадалёк ідал зваліўся і разбіўся. Бачачы ўсё, што адбываецца, 135 іншых ваяроў таксама паверылі ў Бога Ісуса Хрыста. Вайскавод, баючыся абурэньня ў войску, судзіць іх не стаў, а сьвятога Калістрата з іншымі ізноў пасадзіў у вязніцу, дзе яны горача маліліся і дзякавалі Стваральніка, які даў ім сілу пераносіць пакуты. Уначы па загадзе вайскавода пакутнікаў пасеклі мячамі на часткі. Сьвятыя рэшткі іх пахавалі пакінутыя ў жывых 135 ваяроў, а пасьля на месцы іх пакуты, як і прадказваў сьвяты пакутнік Калістрат, была збудавана царква.