Пачатак царкоўнага году

*Сёньня пачатак царкоўнага году, які паводле старазапаветнай традыцыі пачынаўся восеньню. Гэтая практыка прынялася таксама ў Візантыі. У гэты дзень у цэрквах чытаецца ўрывак з Евангельля пра Ісуса, які прыйшоў у назарэцкую сінагогу і разгарнуўшы кнігу Ісаі прачытаў сабраным словы пра Месію. Каторы прыйшоў абвяшчаць спакой, збаўленьне, свабоду і “год ласкі Госпада”.

Вялебны Сямён Стоўпнік

Сёньня таксама сьвяткуецца памяць вялебнага Сямёна Стоўпніка. Ён нарадзіўся ў сям’і пастухоў напрыканцы IV стагодзьдзя каля Антыёхіі Сірыйскай. Пасьля сьмерці бацькоў і сваякоў прадаў маёмасьць, грошы раздаў убогім і пайшоў на пустыню, стаўшыся манахам-эрэмітам. Праз некторы час пакінуў манастыр і стаў жыць паж голым небам на слупе. Навакольныя людзі прыносілі яму есьці, ён абмяжоўваў ежу да мінімума. Слуп служыў яму, таксама за амбону, адкуль ён прапаведваў праўды Божыя. На слупе ён правёў каля сарака гадоў. Памёр ува ўзросьце больш за сто гадоў.