Мучанікі Мануіл, Савела і Ізмаіл

Мучанікі Мануіл, Савела і Ізмаіл былі персамі. Маці іх была хрысьціянка, а бацька галоўны варажбіт. Перанялі, аднак, перакананьні свае маці і сталіся цьвёрдымі хрысьціянамі. Падчас вайны Персіі з Рымам валадар Персіі Сапор ІІ выслаў трох братоў для перамоваў пра замірэньне з імператарм Юльянам Адступнікам. Яны былі добра прынятыя. Падчас іх перабываньня ў лагеры імператара праходзіла паганскае ахвярапрыношаньне, у якім яны адмовіліся браць удзел. За гэта яны былі мучаныя і засечаныя мечам. Землятрус, які стаўся адразу пасьля сьмерці мучанікаў, не дазволіў катам выканаць наказ імператара спаліць іхнія целы. Праз некалькі дзён зямля вярнула целы мучанікаў, якія зьніклі ў ёй пасьля землятрусу. Хрысьціяне з пашанай пахавалі іх. Сапор ІІ як даведаўся пра тое, што сталася, сабраў войска і выступіў супраць імператара. У бітве, якая завяршылася перамогай персаў Юльян Адступнік быў сьмяротна паранены. Праз 30 гадоў імператар Тэадозі Вялікі загадаў пабудаваць сьвятыню на магілай мучанікаў. А канстантынопальскі патрыярх Герман напісаў ім канон.