Прарок Амос

Сёньня згадваем прарока Амоса, трэцяга з 12 малых прарокаў. Нарадзіўся каля Бэтлеема. Да моманту свайго пакліканьня быў пастухом. Прапаведваў у Ізраільскім царстве, дзе ў той час панаваў Ераваам ІІ, які пакінуў шанаваньне праўдзівага Бога. Заклікаў народ Ізраіля і Юдэі да шанаваньня адзінага Бога, да выкананьня закону Божага, ў тым ліку і закону любові да бліжняга. Памёр ад удару па галаве, які яму нанёс сын паганскага сьвятара, якому Амос прадказваў скоры ўпадак.

Вялебны Геранім, прасьвітар Стрыдонскі

Вялебны Геранім, прасьвітар Стрыдонскі нарадзіўся ў Стрыдоне (Далмацыя). Паходзіў з багатай хрысьціянскай сям’і. Атрымаў добрае выхаваньне і асьвету. Быў ахрышчаны Папам рымскім сьв. Ліберыям, вучыўся у такіх вядомых настаўнікаў як Данат Эліаш, Апалінары з Ляадыкіі. Быў знаёмы з Рыгорам з Нісы, Рыгорам Назіянскім і Амфілохіям Іканійскім. Падарожнічаў да Палестыны, дзе вывучаў старажытнагабрэйскую мову і практыкаваўся ў аскетызме. Быў сакратаром Папы Дамаса (366-384). Вядомы перакладамі кнігаў Старога Запавету і карэктурай даўніх лацінскіх перакладаў Новага Запавету. Гэта ягоная праца атрымала пазьней назву Вульгаты.