Вялебны Анупрэй Вялікі

Сёньня – вялебнага Анупрэя Вялікага. Ён паходзіў з Егупту, жыў каля IV-V стагодзьдзяў у агульным манастыры Гермаполю, каля Фіў. Калі пачуў гісторыю сьвятога прарока Елісея і Яна Хрысьціцеля, пайшоў у пустыню і правёў усё жыцьцё там. Гісторыю яго ведаем дзякуючы манаху Пафнуцію, які выправіўся ў адмысловую вандроўку да айцоў-пустыньнікаў, каб атрымаць іхняе блаславеньне і пачуць гісторыі іхняга жыцьця.

Памяць 12-ці навамучанікаў Зямлі беларускай

Сёньня сьвяткуем таксама памяць 12-ці навамучанікаў Зямлі беларускай – пацярпелых падчас Другой сусьветнай вайны каталіцкіх сьвятароў, манахіняў і сьвецкіх людзей. Сярод іх была і Марыянна Бярнацкая, якая паходзіла з верных Каталіцкай Царкве ўніятаў з былой холмскай епархіі. У старым веку, падчас вайны, дабраахвотна прапанавала сваё жыцьцё ўзамен за цяжарную сваю нявестку, якая трапіла ў шэраг заложнікаў, якіх мусіла расстраляць нямецкія карнікі.